Гісторыя Палесціны

Палесцінскі рэгіён, размешчаны на сутыку трох кантынентаў, стаў месцам рэлігійных, культурніцкіх, эканамічных і палітычных рознагалоссяў. Гэта адно з першых месцаў з’яўлення чалавека, сельскагаспадарчых стасункаў і цывілізацыі ў цэлым. У бронзавым веку некалькі гарадоў-дзяржаў тут заснавалі хананейцы, якія напрыканцы эпохі трапілі пад егіпецкі ўплыў. У жалезным веку ў Палесціне паўсталі два ізраільскія царствы — Ізраіль і Іўдзея, толькі паўднёвы бераг рэгіёна належаў філістымлянам. У VIII стагоддзі да н.э. рэгіёнам авалодала Асірыя, у 601 да н.э. — Вавілон, у 539 да н.э. — Персія. У 330-я да н.э. Персію заваяваў Аляксандр Вялікі, адгэтуль пачалася эпоха элінізацыі.

У канцы II стагоддзя да н.э. большасць Палесціны захапіла Хасманейскае царства. Аднак і яно неўзабаве стала васалам Рыма, які анексаваў яго ў 63 да н.э. У 66 годзе н. э. яўрэі Іўдзеі паднялі паўстанне супраць акупантаў, тады рымляне разбурылі Іерусалім і Другі Храм. З IV стагоддзя, калі Канстанцін Вялікі ўвёў у Рымскай імперыі хрысціянства, Палесціна стала рэлігійным цэнтрам для пілігрымаў, манахаў і даследчыкаў. У 636—641 гадах Левант заваявалі мусульмане, пасля чаго змяніліся некалькі кіруемых дынастый: Рашыды, Амеяды, Абасіды, Тулуніды, Іхшыдыды, Фатыміды, Сельджукі.

Палесціна ў XII ст.

У 1099 годзе крыжакі заснавалі Іерусалімскае каралеўства, якое ў 1187 пала ад Аюбідаў. У канцы 1250-х гадоў пасля наезду манголаў егіпецкія мамлюкі цалкам падпарадкавалі Палесціну сабе. У 1516 Асманская імперыя заваявала рэгіён, які назвала Сірыяй і кіравала ім пераважна спакойна да XX стагоддзя.

Тэрыторыя брытанскага мандата

У I сусветную вайну брытанскі ўрад дэклараваў стварэнне ў Палесціне айчыны для яўрэйскага народа[d] і заваяваў яе. У 1922 годзе Ліга Нацый надала Вялікабрытаніі мандат на Палесціну. Пасля гэтага ў рэгіёне пачасціліся сутычкі арабаў з яўрэямі[d], якія пачалі прыбываць у Палесціну з усяго свету. У 1947 годзе Брытанія адмовілася ад мандата, тады Генеральная Асамблея ААН парэкамендавала падзяліць Палесціну[d] на арабскую і яўрэйскую часткі. Сутычкі перараслі тым часам у грамадзянскую вайну[d], бо арабы адмовіліся ад прапанавага ААН рашэння. У маі 1948 года яўрэі абвясцілі незалежнасць Дзяржавы Ізраіль, якую адразу ж атакавалі ўсе суседнія арабскія дзяржавы. Ізраіль не толькі перамог, але яшчэ і заваяваў тэрыторыі, не прадугледжаныя планам падзелу Палесціны. Вайна прывяла да выгнання 700 000 (каля 80 %) усіх палесцінцаў Ізраілю без магчымасці вяртання. З канца 1940-х гадоў пачалася міграцыя яўрэяў з мусульманскіх краін[d] у Ізраіль («Алія»), які цягнуўся дзесяцігоддзямі.

Пасля вайны пад арабскім кантролем захаваліся толькі два раёны Палесціны: Заходні бераг ІардануУсходнім Іерусалімам), анексаваны Іарданіяй[d], і Сектар Газы, акупаваны Егіптам[d]. У 1967 Ізраіль у ходзе Шасцідзённай вайны захапіў і іх. Тым часам палесцінцы здолелі дабіцца міжнароднага прызнання праз дзейнасць Арганізацыі вызвалення Палесціны (АВП) на чале з Ясірам Арафатам. У 1993 годзе Ізраіль і АВП падпісалі ў Осла мірнае пагадненне[d], якое абумоўлівала стварэнне Палесцінскай аўтаноміі (ПА) на тэрыторыі сектару Газы і на заходнім беразе Іардана (без Усходняга Іерусаліму). Далейшыя мірныя перамовы не здабылі паразумення, і між Ізраілем і палесцінцамі зноў распачаўся канфлікт. На сцэну выйшла ісламісцкая арганізацыя ХАМАС, якая не прызнае ПА. У 2007 ХАМАС адваяваў Газу[d] ў Палесцінскай аўтаноміі. У 2012 годзе Дзяржава Палесціна (так называе яе ПА) стала дзяржавай-назіральніцай ААН, а разам і права браць удзел у пасяджэннях Генеральнай асамблеі ААН.