На поўначы Арменіі (Ларыйскае плато) было выяўлена больш за 20 рознаўзроставых познаашэльскіх помнікаў (0,6 млн гадоў), размешчаных, галоўным чынам, у перадгор'ях вулканічнага Джавахецкага хрыбта, найболей падобных з матэрыяламі месцазнаходжанняў даліны ракі Раздан (Джрабер, Фантан, Кендарасы)[1]. Сярод іх пераважаюць паверхневыя месцазнаходжанні (Благадарнае, Даштадэм 3, Нарамут др.), на якіх сабрана звыш тысячы ашэльскіх вырабаў з мясцовага гіяладацыта, уключаючы каля 360 ручных рубіл. Яшчэ выяўлены тры стратыфікаваныя помнікі (Мурадава, Карахач і Куртан I), дзе ўпершыню былі прадстаўлены сярэднеашэльскія і раннеашэльскія індустрыі. Найбольшую цікавасць уяўляе Карахач, дзе раннеашэльскія вырабы (чоперы, пікі, грубыя біфасы і інш.), зробленыя з іншых разнавіднасцей дацыту, а таксама андэзіту і алівінавага далерыту, выяўленыя ў пласце вулканічнага попелу і ў ніжэйшых пралювіяльных адкладах. Датаванні попелу уран-свінцовым метадам ляжаць у дыяпазоне 1,75-1,94 млн гадоў назад, што павінна адпавядаць і ўзросту каменных вырабаў[2]. Падобная з вырабамі з Карахача раннеашэльская індустрыя выяўлена таксама ў ніжніх узроўнях блізкага помніка Мурадава. У самых вярхах Мурадава пададзены познаашэльскі матэрыял (пласт 3), а ў сярэдняй частцы тоўшчы — сярэдне-ашэльская індустрыя (пласты 4-9). Раннеашэльскія і сярэднеашэльскія комплексы выяўлены таксама на помніку Куртан I, размешчаны ў паўднёва-усходняй частцы Ларыйскага плато. Па сукупнасці дадзеных (абсалютныя датаванні падсцілаючых попелаў, палеамагнітныя дадзеныя, узроставы дыяпазон знойдзеных раней зубоў насарога), узрост культурных адкладаў Куртана I складае каля 1 млн гадоў[1]. Адкрытыя ў паўночнай Арменіі помнікі ўтрымваюць сляды найстаражытнейшых міграцый ранніх людзей за межы Афрыкі. Раннеашэльскія матэрыялы Карахача па ўзросту блізкія найстаражытнейшым раннеашэльскім індустрыям Усходняй Афрыкі (каля 1,5-1,8 млн гадоў назад)[3]. Да ранняга палеаліта адносіцца селішча Сатані-Дар. Стаянка Нор Гехі (325 тыс. г. н.) вядомая тым, што там у адным пласце пад вулканічным лавай знайшлі ўзоры адразу дзвюх тэхнік — біфасіяльнай і больш развітай левалуазнай[4].
Сляды пасялення старажытнага чалавека былі выяўлены ў розных раёнах Армянскага нагор'я: у Арзні, Нурнусе і іншых месцах былі выяўлены стаянкі з каменнымі прыладамі, а ў Разданскай цясніне, Лусакерце і інш. былі знойдзены пячоры-жытлы (Лусакерт I, Ерэван I[5]).
У пячорнай стаянцы Ерэван I выяўлены фрагменты чэрапа і зубы дзіцяці 8-12 гадоў і верхні разец чалавека 30-40 гадоў. У пячорнай стаянцы Лусакерт I выяўлены фрагмент ніжняй сківіцы сталага індывіда. Знаходкі адносяцца да сапіентнай формы з налётам архаізма[6].
На Армянскім нагор'і былі выяўлены сляды селішчаў эпохі неаліту. Адной з ранніх культур эпохі неаліту, выяўленых у Цэнтральным Закаўказзі з'яўляецца Шулаверы-Шомутэпінская культура, якая датуецца VI—IV тыс. да н.э. Іншымі раннімі культурамі з'яўляецца Кура-Оракская (IV—II тыс. да н.э.) і Трыялецкая (2200—1500 гг. да н.э.) культуры.
На тэрыторыі сучаснага Ерэвана ў раёне Шэнгавіта ў было выяўлена селішча пачатку бронзавага веку, што датуецца V—III тысячагоддзямі да нашай эры[7][8].
Дадзеныя археалагічных раскопак пацвярджаюць, што жыхары Армянскага нагор'я яшчэ ў глыбокай старажытнасці авалодалі многімі рамёствамі. Так, вядома, што ўжо ў V—IV тысячагоддзі да н.э. яны ўмелі плавіць медзь, а ў II тысячагоддзі да н.э. — жалеза[9].
На тэрыторыі Рэспублікі Арменія былі выяўлены рэшткі шматлікіх каменных збудаванняў: дольменаў, менгіраў, кромлехаў і сцены цыклапічных збудаванняў. Вялікая колькасць мегалітычных збудаванняў было выяўлена каля гары Арагац, у далінах вакол сучасных гарадоў Ошакан, Парпі, Агтц і Сісіян. Найболей добра захаваліся сакральныя і цыклапічныя збудаванні і крэпасці каля Каша і Агаўнатуна. Вялікую цікавасць уяўляюць рэшткі неалітычнага земляробскага селішча на прытоку ракі Аракс, а таксама мегалітычны комплекс Зарац-Карэр (арм.: Զորաց Քարեր), вядомы таксама як Караўндж (арм.: Քարահունջ)[10], размешчаны ў вобласці Сюнік недалёка ад горада Сісіян. Найважнейшыя археалагічныя помнікі былі выяўлены пры раскопках у Шэнгавіце, Лчашэне, Неркін і Верын Навер, Арціку, Карашамбе. У час археалагічных раскопак былі выяўлены помнікі матэрыяльнай культуры: кавалачак тэкстылю XV—XVI стст. да н.э. (Арцік); ідэальнай формы сярэбраная сякерка XXII—XXI стст. да н.э. (Карашамб); вытанчаныя бронзавыя скульптуры XV—XIV стст. да н.э. (Лоры-Берд); залатая чара з выявамі львоў III тыс. да н.э. (Ванадзор), чатырохколавыя вазы III тыс. да н.э. (Лчашэн), статуэтка жабы XIII—XII стст. да н.э. (Лчашэн).