Дапаможная паліцыя | |
---|---|
Hilfspolizei, Hipo | |
![]() | |
Гады існавання | люты — жнівень 1933 |
Краіна |
![]() |
Падпарадкаванне |
![]() |
Тып | ваенізаваная арганізацыя |
Складаецца з | СС, СА, колішнія чальцы арганізацыі «Стальны шлем» |
Функцыі | дапамога рэгулярнай паліцыі, пераслед камуністаў |
Колькасць | каля 40.000 |
Дыслакацыя | Прусія, потым уся Германія |
Дапаможная паліцыя (ням.: Hilfspolizei, скарочана Hipo) — ваенізаваная арганізацыя ў Трэцім рэйху, існавала з лютага па сярэдзіну жніўня 1933 года ў Прусіі і ў іншых землях Трэцяга рэйха. Уключала ў сябе сябраў СС, СА і калішніх сябраў арганізацыі «Стальны шлем». Дапаможная паліцыя згуляла значную ролю у захопе ўлады НСДАП у Германіі і цэнтральную ролю ў тэрарыстычнай ліквідацыі палітычных апанентаў, якія былі арыштаваныя і дэпартаваныя. Пасля расфармавання значная частка «дапаможных паліцыянтаў» стала служыць у ахове канцлагераў і ў паліцыі парадку.
На акупаваных тэрыторыях дапаможная паліцыя фармавалася, як правіла, з добраахвотнікаў, ваеннапалонных (перш за ўсё, у буйных гарадах) і мясцовага насельніцтва. Падобныя паліцэйскія арганізацыі існавалі ва ўсіх акупаваных краінах. Адрозніваліся значнай разнастайнасцю форм арганізацыі (шуцманы, самаабарона, сіняя паліцыя і іншыя).
У беларускай, украінскай і рускай мовах за чальцамі такіх калабарацыянісцкіх паліцэйскіх органаў замацавалася размоўная зневажальная назва «паліцай» (у множным ліку — «паліцаі»).
Дапаможная паліцыя была створаная 22 лютага 1933 года Германам Герынгам, які быў незадоўга да гэтага назначаным міністрам унутраных спраў Прусіі, для аказання дапамогі рэгулярнай паліцыі ў падтрыманні парадку і пераследавання камуністаў, якія абвінавачваліся ў падпале Рэйхстага.[1] Арганізацыя хутка распаўсюдзілася з Прусіі на іншыя германскія дзяржавы, што было адобрана Наказам Гітлера аб падпале Рэйхстага.
Падраздзяленні былі ўкамплектаваныя, галоўным чынам, удзельнікамі «Sturmabteilung (SA)» і «Allgemeine SS» і насілі форму SA ці SS з белымі нарукаўнымі павязкамі. Лічыцца, што падраздзяленні дапаможнай паліцыі налічвалі 25 000 сябраў СА і 15 000 СС.[2] У падраздзяленні дапаможнай паліцыі таксама былі ўключаныя сябры ветэранскай арганізацыі «Саюз франтавікоў Стальны шлем» (ням.: Stahlhelm, Bund der Frontsoldaten). Фармаванні праводзілі ці арганізоўвалі шматлікія жорсткія напады на праціўнікаў нацыстаў, імі напачатку камплектаваліся канцэнтрацыйныя лагеры Калумбія[3] і Даўхаў[4]. З гэтага фармавання выраслі пасля «SS-Totenkopfverbände».[5] Дапаможная паліцыя была расфармаваная ў жніўні 1933 года ў сувязі з міжнароднымі пратэстамі, з прычыны парушэння з яе стварэннем палажэнняў Версальскай дамовы аб раззбраенні Германіі, у сувязі з ростам недаверу Адольфа Гітлера да СА, а таксама ў сувязі з тым, што падобныя фармаванні перараслі свае першапачатковыя мэты ў выніку ўстанаўлення новага нацысцкага рэжыму.[6][7]
Усе органы дапаможнай паліцыі не былі самастойнымі і падпарадкоўваліся нямецкім паліцэйскім кіраўніцтвам на акупаваных тэрыторыях. Мясцовыя адміністрацыі (гарадскія і сельскія ўправы) займаліся толькі адміністрацыйным падтрыманнем дзейнасці паліцыі — фармаваннем, выплатай даравання, давядзеннем да іх звесткі распараджэнняў нямецкай улады і г. д. Тэрмін «дапаможная» падкрэсліваў несамастойнасць паліцыі ў адносінах да немцаў.[8] Не было нават аднастайнай назвы — акром «дапаможная паліцыя» (ням.: Hilfspolizei), выкарыстоўваліся і такія, як «мясцовая міліцыя» (ням.: Ortsmilitz), «ахоўная паліцыя» (паліцыя грамадскай бяспекі, (ням.: Schutzpolizei, «шупа»), «служба парадку» (ням.: Ordnungsdienst), «жыдоўская паліцыя» (ням.: Judischer Ordnungsdienst), «грамадзянскае апалчэнне» (ням.: Bürgerwehr), «мясцовае апалчэнне» (ням.: Heimwehr), «самаабарона» (ням.: Selbstschutz).
Асаблівымі падраздзяленнямі паліцыі з’яўляліся гэтак званыя «шуцманшафты», «шума» (ням.: Schutzmannschaft, скар. Schuma — ахоўная каманда) — карныя батальёны, якія фармаваліся, як правіла, з мясцовага насельніцтва і ваеннапалонных і якое дзейнічала пад непасрэдным камандаваннем немцаў і разам з іншымі нямецкімі часцямі. Пазней некаторыя часці ўвайшлі ў склад СД і СС. Выконвалі шырокае кола задач ад антыпартызанскай дзейнасці (у тым ліку карныя), аховы канцэнтрацыйных лагераў і да ўдзелу ў акцыях па «канчатковым вырашэнні жыдоўскага пытання». Агульная колькасць шуцманшафту ў канцы 1941 года блізу 45 000 чалавек,[9] а пад канец 1942 року ўжо амаль 300 тысячаў.[10][11]
Апрача гэтага, дапамога ў барацьбе з партызанамі і схованымі у лясах жыдамі аказваліся гэтак званыя «злучэнні па барацьбе з бандамі» (ням.: Bandenkampfverbände). Гэтыя злучэнні прадстаўлялі сабой выканаўчыя суполкі змешанага складу з вайскоўцаў вермахта, СС, паліцэйскіх і іншых «усходніх памочнікаў» (ням.: Ost-Hilfswilligen, Hiwis, хіві). Паўнамоцтвы па фармаванні ўказаных суполак былі прадстаўлены кіраўніку «злучэнняў па барацьбе з бандамі», якім быў кіраўнік СС і паліцыі суполкі армій Цэнтр, групенфюрар СС Эрых фон Бах.
На канец 1942 года колькасць злучэнняў па барацьбе з бандамі складала 14 953 немцы і 238 105 «усходніх памочнікаў».
У шэрагу рэгіёнаў паліцэйскія функцыі, з санкцыі нямецкіх улад, выконвалі вайсковыя ці паўпартызанскія злучэнні калабарацыяністаў. У Палессі гэтую ролю гуляла «Палеская сеч» Тараса Бульбы-Бараўца, на захадзе Расеі − «Руская вызваленчая народная армія» Браніслава Камінскага і 1-я руская нацыянальная брыгада СС «Дружына» Уладзіміра Гіля.
Форма адзежы і знакі адрознення для сябраў дапаможнай паліцыі выкарыстоўваліся непаслядоўна. Першапачаткова супрацоўнікі дапаможнай паліцыі насілі белыя павязкі з надпісам «Polizei» («Паліцыя») (ці наогул без гэткай), ад чаго ў беларускай і іншых мовах з’явілася іх зняважліва-пагардлівая назва «паліцай». Ва ўсім іншым іх форма адзення была адвольнай (напрыклад, яны маглі насіць савецкую вайсковую форму ці мундзіры іншых краін, занятых Германіяй — такіх, як Чэхаславакія ці Польшча — са знятымі знакамі адрознення).
Бліжэй да канца 1941 года ў шэрагу рэгіёнаў у паліцаяў з’яўляецца свая форма і знакі адрознення, у тым ліку знакі для адрознівання паліцыі паводле рэгіёнаў.
На тэрыторыі акупаваных абласцей Расеі дапаможная паліцыя насіла мундзіры вермахта са знакамі адрознення «ўсходніх батальёнаў» і трохкутнай нашыўкай з літарамі OD (ням.: Ordnungsdienst, «служба парадку») на рукаве. Менавіта такую форму носіць паліцыя ў нямецкім прапагандысцкім фільме «Нашы сябры» (1943).[12]
На тэрыторыі Рэйхскамісарыята Украіна паліцыя насіла чорную форму са светлымі каўнярамі і гальштукамі. Капелюшом была пілотка ці кепі ўлетку, футравая шапка — зімой. Радавы склад меў нарукаўныя нашыўкі, сяржанты і камандзіры (не вышэй за гаўптмана) — на каўняры. На Украіне паліцаі нярэдка насілі жоўта-блакітныя стужкі і/ці трызубцы на капелюшах, аднак іх нашэнне перыядычна то забаранялася, то ізноў дазвалялася.
Беларуская народная самапомач ў Генеральнай акрузе Беларусь насіла нямецкую форму з уласнымі знакамі адрознення.
У Польшчы (на тэрыторыі Генерал-губернатарства) паліцаяў празвалі «цёмна-сінімі» (польск.: granatowa policja) за колер мундзіраў.
У Генеральнай акрузе Летува капралы паліцыі насілі цёмна-сінія капелюшы з жоўтым кантом.
Сябры шуцманшафтаў насілі нямецкую вайсковую форму са знакамі адрознення «ўсходніх батальёнаў»([1] Архівавана 22 жніўня 2014.), на рукаве мелі нашыўку з надпісам «Treu Tapfer Gehorsam» — «Верны, Храбры, Паслухмяны».
Большасць фарміраванняў дапаможнай паліцыі «адрознівалася» ўдзелам у ваенных злачынствах і расправах над мірным насельніцтвам.
Зводны даклад брыгадэфюрара СС Вальтэра Шталекера ад 15 кастрычніка 1941 года:
|
З ліста інспектара па ўзбройванні на Украіне ад 2 снежня 1941 года:
|