| ||||||||||||||||||||
Дату́н (кіт.: 大同市) — горад на поўначы КНР, у паўночнай частцы правінцыі Шаньсі. Другі паводле люднасці горад правінцыі.
Заснаваны пад назвай Пінчэн у 200 годзе да н. э., у перыяд праўлення дынастыі Хань. У 398—494 гады сталіца дынастыі Паўночная Вэй. У 1048 годзе перайменаваны ў Датун. Пасля заняпаду дзяржавы Ляа і заходу дынастыі Цзінь (1115—1234) паступова страціў значэнне гандлёвага горада і выконваў ролю крэпасці. Разбураны ў канцы праўлення дынастыі Мін (1368—1644), адноўлены ў 1652 годзе.
Хуткі рост горада звязаны з будаўніцтвам у 1917 годзе чыгункі, якая злучыла Датун з Пекінам і Цяньцзінем.
Вузел чыгунак. Аэрапорт.
Адзін з галоўных цэнтраў здабычы каменнага вугалю ў краіне. Буйныя машынабудаўнічыя і цэментныя заводы.
Датун уваходзіць у лік 24 культурна-гістарычных гарадоў Кітая. Захаваліся манастыры Верхні Хуаянь і Ніжні Хуаянь (перыяду дынастыі Тан, 618—907), Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў» з каляровай паліванай цэглы; датуецца мінскім перыядам).
У 16 км на захад — Юньганскія будыйскія пячоры часоў дынастыі Паўночная Вэй. У 53 пячорах размешчана 51 тыс. скульптур.