Дахі

Дахі
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Цэнтральная Азія
Мова іранская
Рэлігія зараастрызм
Блізкія этнічныя групы скіфы, масагеты

Да́хі (грэч. Δάοι)  — старажытны іранскі народ на захадзе Цэнтральнай Азіі.

Дахі ўпершыню ўзгадваюцца ў «Авесце» як племя, што прыняло зараастрызм. Аднак дахаў таксама абвінавачвалі ў забойстве Заратуштры.

У персідскіх надпісах Ксеркса I яны названы сярод народаў, падпарадкаваных імперыі Ахеменідаў. Дахі прымалі ўдзел у бітве пры Гаўгамелах супраць арміі Аляксандра Македонскага, складалі частку левага фланга персідскага войска. Старажытнагрэчаскія аўтары апісвалі іх як вершнікаў, узброеных лукамі, якія насялялі пусткі на паўночны ўсход ад Бактрыі і на ўсход ад Сагдыяны. Страбон вылучаў 3 племені дахаў — парнаў, ксанфаў і пісураў.

Відавочна, пасля руйнавання імперыі Ахеменідаў дахі істотна пашырылі населеныя імі тэрыторыі, але ў выніку распаліся на асобныя плямёны. Аршак, правадыр парнаў, лічыцца стваральнікам асобнай дынастыі Аршакідаў у Парфянскай імперыі. Каля 155 г. радзіма дахаў была падпарадкавана парфянамі.