Дая́кі (нідэрл.: Dajaks, малайск.: Dayak, Dyak, Dayuh, індан.: Dayak, Dajak, Dyak) — група аўстранезійскіх народаў, карэнныя жыхары вострава Калімантан. Жывуць на тэрыторыторыі Малайзіі, Інданезіі і Брунея. Агульная колькасць (2013) — каля 7 318 000 чалавек.
Назва даякі пачала выкарыстоўвацца ў брытанскіх і галандскіх каланіяльных дакументах прыкладна з 1840 г.[1] На малайскіх гаворках Барнеа так называлі людзей, што жылі ва ўнутраных раёнах вышэй па рацэ. Відавочна, першасна гэтае найменне тычылася прадстаўнікоў народаў ібан, каян і кеньях. У каланіяльных дакументах да даякаў адносілі ўсе карэнныя народы, што не спавядалі іслам[2].
Лічыцца, што Калімантан быў населены людзьмі сучаснага тыпу ў выніку некалькіх міграцый. Першая адбылася каля 50 тысяч гадоў таму. Другая — паміж 12 тысячагоддзем да н. э. і 6 тысячагоддзем да н. э. Продкі даякаў належалі да трэцяй міграцыі, што ўяўляла хвалю аўстранезійцаў, якія прыбылі з Тайваня праз Філіпіны прыкладна 4 тысяч гадоў таму[3]. Усе даякскія мовы маюць аўстранезійскае паходжанне. Генетычна яны блізкія да іншых аўстранезійцаў Інданезіі і кантынентальнай часткі Паўднёва-Усходняй Азіі.
Вызначэнне дакладнай колькасці даякскіх этнічных супольнасцей уяўляе сабою пэўную праблему, паколькі на Калімантане налічваецца каля 405 абшчынна-родавых аб'яднанняў[4] і каля 100 розных моў, прычым колькасць моў можа быць павялічана ў залежнасці ад меркавання, што лічыць мовай, а што дыялектам[5]. Тым не меней, вылучаецца шэраг дастаткова буйных моўна-тэрытарыяльных груп, якія можна вылучыць як асобныя народы:
Узаемадзеянне даякаў з органамі дзяржаўнай улады і барацьба за супольныя правы прывяла да вылучэння агульнай даякскай тоеснасці. Аднак яна адрозніваецца ад этнічнай або нацыянальнай разуменнем унутранага культурнага падзелу. У некаторых мясцовасцях шчыльныя кантакты з іншымі культурамі нараджаюць новыя самаатаесамленні. Так, у Цэнтральным Калімантане вылучылася група сенганан-даякаў, якая прыняла іслам[6].
Продкі даякаў перасяліліся на Калімантан ужо з ведамі аб земляробстве, вырабе керамікі і тканін, мараплаўстве. Відавочна, у 1 тысячагоддзі н. э. ім стала вядома апрацоўка металаў. Тым не меней, яшчэ ў XIX ст. металічныя рэчы ўяўлялі сабою значную каштоўнасць. Вусная спадчына мааньян утрымоўвае звесткі пра даякскую дзяржаву Нансарунай, якая існавала меркавана ў 1309 — 1389 гг. пакуль не была заваявана дзяржавай Маджапахіт[7]. З перыяду сярэднявечча на ўзбярэжжа Калімантана перасяляліся выхадцы з Явы, Суматры, Сулавесі, Сулу, Малакскага паўвострава і паўднёвага Кітая. Яны выціскалі даякаў ва ўнутраныя раёны. Звычайна даякі сяліліся абапал рэк, выкарыстоўвалі мясцовае асяроддзе для свайго існавання.
Земляробства мела падсечны характар. Часткі лесу вырубаліся, драўніна спальвалася, але пры гэтым навакольны лес заставаўся некранутым. Калі падчас спальвання агонь перакідваўся на лес ці суседнія ўчасткі, вінаваты быў матэрыяльна адказным[8]. Праз некальки сезонаў створаныя такім чынам палеткі высільваліся і закідваліся, зноў зарасталі лесам, а земляробы былі вымушаны перасяляцца на новае месца. Важнымі гаспадарчымі заняткамі былі паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Рыбу ва ўнутраных вадаёмах часцяком лавілі з дапамогай атручвання, але масавая гібель водных жывёл з-за атруты зноў жа вяла да адказнасці.
Распаўсюджаным тыпам жытла быў «доўгі дом», супольны для ўсіх жыхароў паселішча. Ён уяўляў сабою каркасную драўляную пабудову на па́лях[9]. Падлогу і сцены часцяком крылі цыноўкамі. Знутры ладзілі месцы для прыватнага баўлення часу, сну, цырымоній, прыёму ежы. Жыхары «доўгага дому» звычайна былі сваякамі па бацькоўскай лініі. Шлюбы знутры свайго паселішча забараняліся, хаця часам здараліся выключэнні. Групы, што вандравалі ў адной мясцовасці імкнуліся падтрымліваць саюзныя адносіны, што ўключалі супольныя шлюбы. Разам з гэтым, у адносінах да іншых груп або прадстаўнікоў іншых народаў вяліся войны. У канцы XIX — пачатку XX ст. дзякуючы каланіяльным адміністратарам і этнографам даякскія воіны сумна праславіліся як паляўнічыя за галавамі. Мяркуюць, што абезгалоўліванне ворага разглядалася як спосаб назаўжды пазбавіцца ад духа забітага чалавека[10]. Звычай адсякання галавы фіксаваўся падчас II Сусветнай вайны ў адносінах да японскіх салдат, а таксама ў 2001 г. падчас сутычак з перасяленцамі-мадурцамі.
Даякі вядомы як выдатныя ткачы, рэзчыкі. Фальклор надзвычай разнастайны, адлюстроўвае генеалагічныя і рэлігійныя ўяўленні. Традыцыйныя вераванні трансфармуюцца ў асобную рэлігію кахарынган.
Даякі на Вікісховішчы |