Двухвустка ланцэтападобная, або Дыкрацэлій ланцэтападобны (Dicrocoelium lanceatum) — від паразітычных смактуноў сямейства дыкрацэлііды (Dicrocoeliidae)[1].
Маюць памер 0,5 — 1,2 см. У сваім жыццёвым цыкле праходзяць прамежкавую стадыю развіцця на наземных слімаках (Zebrina, хмызняковы смоўж (Fruticicola fruticum), Cochlicopa lubrica і інш.) і мурашках роду Formica. У печані слімака развіваюцца матчыныя спарацысты і даччыныя спарацысты, якія нараджаюць цэркарый. Другімі прамежкавымі гаспадарамі з’яўляюцца прадстаўнікі такіх відаў, як мурашка лясная цёмна-бурая (Formica fusca), Formica rufibarbis, Formica pratensis і іншыя віды[2], якія ядуць камячкі слізі, што выдзяляюцца слімакамі праз дыхальную адтуліну, разам з цэркарыямі (рассяляльныя лічынкі). Большасць праглынутых мурашкай цэркарый пранікаюць праз сценку зобу ў поласць цела і там, страціўшы хвост, інцыстуюцца, ператвараючыся ў метацэркарый. Аднак адна цэркарыя пранікае ў падглотачны ганглій мурашкі. Там яна ўтварае асаблівую танкасценную цысту, не здольную да далейшага развіцця ў канчатковым гаспадары. У выніку змяняецца паводзіны мурашкі. Днём яна паводзіць сябе нармальна, але ўначы не вяртаецца ў мурашнік, залазячы высока на сцеблы траў і трывала утрымліваючыся за травінку мандыбуламі. Авечкі і іншыя капытныя жывёлы (буйная рагатая жывёла, козы, свінні, коні, аслы; а таксама, вярблюды, зайцы, мядзведзі, сабакі, лісы)[3], ядучы траву разам з заражанымі мурашкамі, становяцца канчатковымі гаспадарамі. Яйцы двухвусткі, якія трапілі з іх экскрыментамі на глебу, ядуць малюскі, замыкаючы цыкл развіцця.
Двухвустка шкодзіць, галоўным чынам, печані і жоўцевым пратокам капытных і іншых млекакормячых, выклікаючы ў іх дыкрацэліёз[4][5][6].