Джамбеціна Чыньяролі | |
---|---|
італ.: Giambettino Cignaroli | |
Дата нараджэння | 4 ліпеня 1706[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 снежня 1770[1][3][…] (64 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, рысавальнік, графік |
Мастацкі кірунак | ракако |
Уплыў | Santi Prunati[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Джамбеціна Чыньяролі (італ.: Giambettino Cignaroli; 4 ліпеня 1706, Верона, Венецыянская рэспубліка — 1 снежня 1770, там жа) — італьянскі жывапісец, які пісаў карціны ў стылі ранняга класіцызму. Заснавальнік дынастыі мастакоў.
Нарадзіўся ў Вероне ў 1706 годзе. Пасля вывучэння рыторыкі ў каледжы езуітаў, захапіўся маляваннем. Навучаўся жывапісу ў майстэрні Сантэ Прунаці, затым у майстэрні Антоніа Балестры, дзе вучыўся разам з П’етра Ратары. У 1728 годзе Чыньяролі адкрыў уласную майстэрню жывапісу. Неўзабаве ў яго з’явіліся шматлікія кліенты і, як следства, замовы на напісанне карцін.
Разам з Ратары ён пераехаў у Венецыю, дзе, даследуючы карціны папярэднікаў, вывучаў досвед Тыцыяна, Паола Веранезэ і Джакама Пальмы Старэйшага. Да свайго вяртання ў Верону, ён жыў і працаваў у Мілане, Парме, Турыне, Балонні і Ферары. Важнымі работамі мастака гэтага перыяду з’яўляюцца палотны ў царкве Сан-Ларэнца ў Брэшыі, у базіліцы Нараджэння Святога Іаана Хрысціцеля ў Лантана-дэль-Гарда, у храмах Бергама і шэрагу іншых гарадоў Ламбардыі. У Эміліі ён стварыў шматлікія творы на сакральныя сюжэты, якія былі замовамі ад манаскіх ордэнаў. Сярод палотнаў таго перыяду шмат алтарных карцін, якія цяпер можна ўбачыць у царкве Санта-Спірыта ў П’ячэнцы, у царкве Сан-Джорджа ў Рэджа, у царкве Сан-Даменіка ў Мадэне, у храмах Пармы і Ферары. Сярод кліентаў мастака былі манархі Саксоніі, Рэчы Паспалітай, Расіі і Іспаніі. Для іспанскай каралевы ім быў створаны манументальны алтар, які цяпер захоўваецца ў Прада. На ім Чыньяролі намаляваў Маці Божую з немаўлём і святымі Люцыяй, Лаўрэнціям, Антоніем Падуанскім, Варварай і Анёлам-Ахоўнікам. Па замове біскупа Брэсананэ мастак напісаў алтарны абраз для сабора яго дыяцэзіі. У базіліцы Святога Марціна ў Альдзана-Ламбарда знаходзіцца яго карціна «Смерць святога Юзафа».
Акрамя рэлігійных сюжэтаў, Чыньяролі пачаў пісаць карціны на гістарычныя тэмы, такія, як «Трыумф Пампонія Секунда на Капітоліі» цяпер у зборы музея Кастэльвекіа ў Вероне. Чыньяролі спрыяў будаўніцтву будынка Акадэміі мастацтваў у Вероне, стаўшы яе першым дырэктарам. Цяпер акадэмія носіць яго імя. Ім таксама быў напісаны шэраг кніг, прысвечаных тэхніцы жывапісу. Даследчыкі адносяць яго стыль да прамежкавага паміж познім рафаэлізмам і раннім класіцызмам.