Скончыў каледж Макерэрэ (сёння ўніверсітэт Макерэрэ) і Эдынбургскі ўніверсітэт. З 1946 года настаўнічаў. Заснавальнік Афрыканскага нацыянальнага саюза Танганьікі (ТАНУ), яго старшыня ў 1954-77 гадах. У 1977-90 гадах прэзідэнт Рэвалюцыйнай партыі (створана ў выніку аб'яднання ТАНУ і партыі Афра-шыразі). З 1958 года член Заканадаўчага сходу Танганьікі, з 1960 года — галоўны міністр, у 1961-62 гадах — прэм'ер-міністр, з 1962 года прэзідэнт Танганьікі. У 1964-85 гадах прэзідэнт Аб'яднанай Рэспублікі Танзанія. У 1990 годзе адышоў ад палітычнай дзейнасці. Тэарэтык афрыканскага сацыялізму паводле кітайскай мадэлі.