У цяперашні час існуе 44 дзяржавы, межы якіх не маюць выхаду да Сусветнага акіяна. Больш за ўсё такіх дзяржаў у Афрыцы (16 дзяржаў) і ў Еўропе (14 дзяржаў і 2 часткова прызнаныя дзяржавы). Колькасць краін у Азіі, якія не маюць выхаду да мора, складае 12 дзяржаў, у Паўднёвай Амерыцы — 2.
Дзве дзяржавы, якія не маюць выхаду да мора, а менавіта Узбекістан і Ліхтэнштэйн, мяжуюць выключна з краінамі, якія таксама не маюць выхаду ў Сусветны акіян. Ліхтэнштэйн стаў такой дзяржавай у 1918 годзе пасля распаду Аўстра-Венгрыі, якая мела выхад да мора. У перыяд аншлюсу Аўстрыі Германіяй (1938-1945) Ліхтэнштэйн зноў страціў гэты статус, бо Трэці рэйх таксама меў выхад да мора. Пасля распаду СССР у 1991 годзе другой такой дзяржавай стаў Узбекістан.
Тры невялікія дзяржавы цалкам акружаны тэрыторыяй адной іншай дзяржавы (анклавы): Сан-Марына і Ватыкан мяжуюць толькі з Італіяй, Лесота — толькі з Паўднёвай Афрыкай. Дзевяць дзяржаў цалкам акружаны тэрыторыяй дзвюх дзяржаў: Манголія, Непал, Бутан, Свазіленд, Ліхтэнштэйн, Андора, Малдова, часткова прызнаная дзяржава Паўднёвая Асеція і непрызнанае Прыднястроўе. Большасць з дзяржаў, акружаных дзвюма іншымі дзяржавамі, таксама невялікія па памеры і насельніцтву, але сярод іх ёсць і буйныя - Манголія, Малдова і Непал.
Эфіопія, у якой пражывае 85 млн жыхароў (2009), з'яўляецца найбуйнейшай паводле насельніцтва з дзяржаў, якія не маюць выхаду да Сусветнага акіяна. Таксама больш за 20 мільёнаў жыхароў пражываюць ва Угандзе (32.400.000), Непале (29,3 млн) і Узбекістане (28.600.000).
Найбуйнейшымі па плошчы з дзяржаў, якія не мяжуюць з Сусветным акіянам, з'яўляецца Казахстан (2.724.900 км²); тэрыторыю больш мільёна км² маюць таксама Манголія (1.566.500 км²), Чад (1.284.000 км²), Нігер (1.276.000 км²), Малі (1.240.000 км²), Эфіопія (1.104.300 км²), Балівія (1.098.581 км²).
Не маюць межаў з Сусветным акіянам большасць (9 з 15) дзяржаў, якія ўтварыліся пасля распаду СССР. Пры гэтым тэрыторыя дзяржаў Арменія, Азербайджан, Туркменія, Узбекістан, Кіргізія і Таджыкістан цалкам уваходзіць у басейны бяссцёкавых вадаёмаў і абласцей - іншых падобных дзяржаў у свеце няма.
Мальтыйскі ордэн, які часткова прызнаны і мае статус назіральніка пры ААН, размешчаны ў асноўным, як і Ватыкан, у межах Рыма, у 1998 годзе на 99 гадоў арандаваў форт Сант-Анджэла на Мальце.
Яшчэ Адам Сміт у сваёй працы «Багацце народаў» адзначаў, што важнае значэнне для паказчыкаў эканамічнай дзейнасці краіны мае выхад да мора і, адпаведна, да гандлёвых шляхоў. З цягам часу развіццё наземнага транспарту і сувязі скарацілі перавагі прыбярэжных краін у параўнанні з краінамі, якія не маюць выхаду да мора. Аднак марскія перавозкі па-ранейшаму адыгрываюць цэнтральную ролю ў сусветным гандлі, і ў сувязі з гэтым адсутнасць выхаду да мора стварае пэўныя праблемы. У прыватнасці, у суседніх краін могуць быць эканамічныя або ваенныя прычыны для таго, каб заблакаваць выхад да мора або транзіт праз сваю тэрыторыю.
Згодна з міжнародным праве (Канвенцыя ААН па марскім праве 1982 г., частка X), унутрыкантынентальныя краіны маюць права на доступ да мора. Гэта права рэалізуецца шляхам заключэння спецыяльных пагадненняў паміж зацікаўленымі дзяржавамі, якія не маюць выхаду да мора, і дзяржавамі транзіту.
Унутрыкантынентальныя краіны могуць мець марскія судны пад сваім сцягам, якія размешчаны ў замежных партах (напрыклад, марскія судны Чэхіі выкарыстоўваюць порт Шчэціна на падставе дагавора з Польшчай).
У адкрытым моры ўнутрыкантынентальныя краіны карыстаюцца ўсімі правамі на роўных падставах: у прыватнасці, яны маюць права ажыццяўляць суднаходства, рыбалоўства, палёты лятальных апаратаў, пракладваць падводныя кабелі і трубаправоды.