Мястэчка
| ||||||||||||||||||||||||||
Дзіевя́нішкес (літ.: Dieveniškės, польск.: Dziewieniszki, традыцыйная беларуская назва — Дзевянішкі) — мястэчка на ўсходзе Літвы. Уваходзіць у склад Шальчынінкайскага раёна Вільнюскага павета, цэнтр сянюніі. Размешчана за 6 км ад граніцы з Беларуссю. На карце сучаснай Літоўскай Рэспублікі гэта месца глыбока ўдаецца ўглыб тэрыторыі Беларусі.
Упершыню згадваецца ў крыніцах пад 1385 годам як вёска легендарнага вялікага князя Мінгайлы. Да сярэдзіны XVII стагоддзя вёска і наваколле належалі роду Гаштольдаў. У 1433 годзе Ян Гаштольд атрымаў вёску ад вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. У 1474 годзе на сродкі Марціна Гаштольда быў пабудаваны драўляны касцёл св. Міхала.
У 1920—1939 гадах у складзе Польшчы. У верасні 1939 года далучаны да Беларускай ССР, але ўжо 6 лістапада 1940 года горад і навакольная яго тэрыторыя былі перададзены Літоўскай ССР, што было абумоўленае наяўнасцю значнай долі этнічнага літоўскага насельніцтва.
Паводле легенды, у 1940 годзе, пры вызначэнні граніцы Літоўскай ССР, на карце ляжала трубка Сталіна. Ніхто не асмеліўся яе ссунуць, а проста абвялі алоўкам па контуры, і такім чынам у склад ЛССР увайшло мястэчка Дзевянішкі з наваколлямі.