Долі Рэбека Партан (англ.: Dolly Rebecca Parton, нар. 19 студзеня 1946, Пітмен-Сентэр, Севір, Тэнесі) — амерыканская кантры-спявачка, кінаактрыса, філантроп.
Запісала больш за тысячу песень (улічваючы калабарацыі), а паводле яе слоў напісала каля 5000. Долі Партан дваццаць пяць разоў паднімалася на верхнюю пазіцыю кантры-чартаў часопіса Billboard. У сябе на радзіме прызнана адной з самых паспяховых спявачак у сваім жанры, атрымаўшы пры гэтым тытул «Каралева кантры». Партан прадала больш за 100 мільёнаў запісаў па ўсім свеце, што робіць яе адной з самых прадаваных музычных выканаўцаў усіх часоў. Толькі яна і Рыба Мак-Інтайр з’яўляюцца выканаўцамі кантры, якія ўзнімаліся на вяршыню чарта за чатыры розныя дзесяцігоддзі. У 2024 годзе Партан (дзякуючы ўдзелу ў стварэнні альбома «Cowboy Carter» Beyoncé, а менавіта ў песні «Tyrant») стала адзінай выканаўцай, хіты якой з’яўляліся ў топ-20 кантры-чарта Hot Country Songs усе апошнія сем дзесяцігоддзяў запар (1960—2020).