Дорэстад

Фібула VIII стагоддзя, знойдзеная археолагамі на месцы Дорэстада.

Дорэстад (Dorestad) — буйны гандлёва-рамесны цэнтр Паўночнай Еўропы эпохі ранняга Сярэднявечча. Размяшчаўся ў міжрэччы Рэйна і Лека на тэрыторыі Нідэрландаў, на поўдзень ад Утрэхта, каля сучаснага горада Вейк-бей-Дзюрстэдэ (нідэрл.: Wijk bij Duurstede).

Дорэстад служыў перавалачным пунктам для рэйнскіх суднаў, якія вывозілі з глыбінь кантынента збожжа і віны, якія адсюуль паступалі на рынкі, размешчаныя па берагах Балтыйскага і Паўночнага мораў. У Дорэстадзе меўся і ўласны манетны двор, дзе чаканілі манету спадчыннікі Хлодвіга і першыя Каралінгі.

У VII—VIII стст. за ўладанне Дорэстадам з франкамі часта спрачаліся фрызы, якія наравілі зрабіць яго сталіцай сваёй дзяржавы. У IX стагоддзі гандлёвы горад стаў аб'ектам нападаў з боку вікінгаў. Найбольш разбуральныя набегі пералічаны ў хроніках за 834—836, 844, 857 і 863 гг. Апошнія два набегі прыпадаюць на час, калі Дорэстад адпаў ад Франкскай дзяржавы і кіраваўся дацкім конунгам з роду Ск'ёльдунгаў. Клікалі яго Рорыкам.

Ваенныя трывогі і заглейванне Старога Рэйна падарвалі эканамічны дабрабыт Дорэстада. З сярэдзіны IX стагоддзя пачынаецца яго заняпад, а купцы перабіраюцца ў суседнія гандлёвыя цэнтры — Дэвентэр і Тыл. Адна з апошніх згадак — у дакуменце латарынгскага караля Цвентыбольда, выдадзеным біскупу ўтрэхцкаму Адальбольду 24 чэрвеня 896 года.

Частыя разлівы рэк мала што захавалі ад развалін старажытнага горада. Сляды раннесярэднявечнага паселішча, тым не менш, прасочваюцца на тэрыторыі ў 50 га.

Зноскі

́