Цела блашчыц падоўжанае, шырокае ў вобласці сярэдняспінкі і звужаецца да канца цела. Каля асновы брушка адыходзіць шып, накіраваны наперад. Прадстаўнікі сямейства невялікіх памераў, у даўжыню дасягаюць ад 5 да 35 мм. У самак на брушку маюцца шчаціністыя ўчасткі, званыя органамі Пендэрграста. Яны труцца аб іх заднімі лапкамі падчас яйцакладкі, а затым прымацоўваюць яйцы да месца адкладкі[1].
Мацярынскі клопат (паводзіны аховы яец і німфаў) быў зафіксаваны ў некаторых родаў Acanthosomatidae, такіх як Elasmucha (Elasmucha grisea), Sastragala, кілевікі (Acanthosoma) (Acanthosoma firmatum), Sinopla (Sinopla perpunctatus). Іншы спосаб рэпрадукцыі сустракаецца ў відаў, якія не клапоцяцца аб нашчадках — іх самкі абмазваюць яйцы перад выхадам з іх. Яны валодаюць парамі складаных органаў на брушку (органы Пендэрграста) і наносяць выдзяленні гэтага органа на кожнае яйцо заднімі нагамі, што, як мяркуецца, забяспечвае ахоўную функцыю ад ворагаў. Набыццё мацярынскага клопату карэлюе з памяншэннем або стратай органа Пендэрграста, што прадугледжвае эвалюцыйны кампраміс паміж гэтымі двума прыкметамі ў выніку фізіялагічных выдаткаў[2].
Жывуць у кронах дрэў і кустоў. Сустракаюцца ў лясных месцапражываннях, садах і парках. Высмоктваюць сокі з пладоў і бутонаў дрэвавых раслін. Зіму праводзяць у імагінальнай стадыі пад апалым лісцем або бярвёнамі. Яйцы самка адкладае вясной.
Навуковая назва «Acanthosomatidae» паходзіць ад стар.-грэч.: άκανθα — «шып» або " рог " і стар.-грэч.: σώμα — «цела», што звязана з пласціністым атожылкам на сярэднегрудзях і накіраваным наперад шыпом на аснаванні брушка. Беларуская назва «Дрэвавыя шчытнікі» апісвае іх месцапражыванні.
↑Tsai J.F., Kudo Si., Yoshizawa K. Maternal care in Acanthosomatinae (Insecta: Heteroptera: Acanthosomatidae) — correlated evolution with morphological change(англ.) // BMC Evolutionary Biology : Журнал. — 2015. — Vol. 15. — № 258. — P. 1—13. — ISSN2730-7182. — DOI:10.1186/s12862-015-0537-4
↑Insect biodiversity: science and society / R. Foottit, Peter H. Adler. — Second edition. — Hoboken, NJ: John Wiley & Sons, Inc, 2017. — ISBN 978-1-118-94553-7, 978-1-118-94557-5.
↑Zheng, Le-Yi, & and Hong-Jian Wang. (1995). Contribution to the taxonomy of Lindbergicoris Leston (Hemiptera: Acanthosomatidae). Entomologica Scandinavica, Vol. 26, No. 1.
↑Liu, G.Q. & D. Ding 2008. The new species of the genus Lindbergicoris and the first record of Acanthosoma forfex Dallas from China (Hemiptera, Acanthosomatidae) Acta Zootaxonomica Sinica. 33: 768—774.
↑Rolston, L. H. and R. Kumar. 1975. Two new genera and two new species of Acanthosomatidae (Hemiptera) from South America, with a key to the genera of the Western Hemisphere. Journal of the New York Entomological Society 82: 271—278