Мястэчка
| ||||||||||||||||||||
Дубінкі[1], таксама Дубінгей (літ.: Dubingiai) — мястэчка ў Маляцкім раёне Уцянскага павета Літвы, на беразе возера Асвяя. Адміністрацыйны цэнтр Дубінкаўскай сянюніі.
Месцяцца за 20 км на поўдзень ад Малятаў, за 50 км на паўночны ўсход ад Вільні. Згодна з сучаснай афіцыйнай літоўскай класіфікацыяй мястэчка належыць да этнаграфічнага рэгіёну Аўкштота.
Дубінкаўская зямля ўпершыню згадваецца ў 1334 годзе[2]. У 1373 і 1377 гадах Дубінкі пацярпелі ад нападаў крыжакоў. У пачатку XV стагоддзя вялікі князь Вітаўт збудаваў каля Дубінак драўляны[3] замак, у якім заснаваў касцёл Святога Духа.
У канцы XV стагоддзя вакол замка ўтварылася мястэчка. Да пачатку XVI стагоддзя Дубінкі разам з Майшаголай кіраваліся каралеўскімі намеснікамі, пасля сталі ўласнасцю Радзівілаў, а Юрый Радзівіл распачаў тут узводзіць мураваны замак. Па яго смерці ў 1541 годзе мястэчка перайшло да яго сына Мікалая Радзівіла «Рудага», які ў 1564 годзе прыняў кальнівісцкае веравызнанне і перарабіў касцёл на кальвінскі збор. Той зрабіўся месцам пахавання біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў[4].
У другой палове XVI—XVII стагоддзях цэнтр Дубінкаўскага княства. У 1547—1548 гадах тут жыла Барбара Радзівіл. У XVII стагоддзі Дубінкі складаліся з дзвюх частак на розных берагах возера — Ціванішак і Лаўрыканцаў[4]. У 1651 годзе ў мястэчку было 67 дымоў (каля 450 жыхароў), аднак у 1661 годзе ў выніку ваенных спусташэнняў іх колькасць скарацілася да 12[4].
У 1682 годзе ў Дубінках адбыўся сінод кальвінісцкай царквы Вялікага Княства Літоўскага. У 1777 годзе ў мястэчку адкрылася парафіяльная школа.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года мястэчка апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. З 1808 года — ва ўладанні Тышкевічаў.
З 1918 года — у складзе Літвы, летняя рэзідэнцыя прэзідэнта Антанаса Смятоны.
23 чэрвеня 1944 годзе мясцовае падраздзяленне Арміі Краёвай ўчыніла гвалт над больш чым 20 жыхарамі-літоўцамі[5][6] ў адказ за ранейшыя адпаведныя дзеянні да польскіх жыхароў Гліцішкаў літоўскімі калабарацыяністамі[5][6].
У пачатку XXI стагоддзя на Замкавай гары ў Дубінках праводзіліся археалагічныя раскопкі, падчас якіх былі знойдзены астанкі Радзівілаў. Па аналізе ДНК літоўскія і польскія спецыялісты здолелі ідэнтыфікаваць косці Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Рудага. 5 верасня 2009 года астанкі стрыечных братоў былі ўрачыста перахаваныя ў адрэстаўраваных руінах кальвінскага збору[7].