Дхімба, земба (Ovazemba, ovadhimba) | |
Агульная колькасць | 41200 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Намібія — 34000 Ангола — 7200 |
Мова | дхімба |
Рэлігія | культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | герэра, хімба, авамба, каванга |
Дхі́мба, або зе́мба (саманазвы Ovadhimba, Ovazemba) — афрыканскі народ на памежжы Намібіі і Анголы. Агульная колькасць (2022 г.) — 41 200 чалавек.
У даўнія часы дхімба ўваходзілі ў адзіную супольнасць з хімба і герэра. Самі дхімба лічаць сябе старажытнымі насельнікамі занятых імі тэрыторый.
Асноўныя традыцыйныя заняткі — пастаральная жывёлагадоўля і ручное земляробства. Трымаюць кароў, коз, радзей авечак. Вырошчваюць проса, кукурузу, гародніну. Звычайная ежа — кукурузная каша з малаком. Ялавічыну амаль не ўжываюць, паколькі берагуць кароў як сваё асноўнае багацце.
Традыцыйны тып паселішча — сядзіба ангранда, у якой жыве буйная пашыраная сям'я або род. Яна складаецца з загона для свойскай жывёлы ў цэнтры, вакол яго ўзводзяць невялікія хаціны з галля і скур, а за імі — тын. Каля хаціны родавага старасты распальваюць свяшчэннае вогнішча акарува.
Дхімба вядуць адлік сваяцтва па лініі як бацькі, так і маці. Сыны пасля жаніцьбы часцей застаюцца ў родзе бацькі, пасуць яго статкі, але не атрымоўваюць іх у спадчыну. Затое, яны могуць разлічваць на спадчыну ад братоў маці. Распаўсюджаны раннія жаночыя шлюбы, хаця да паўналецця маладыя жонкі застаюцца з бацькамі. Паміж родамі захоўваюцца палітычныя і ваенныя саюзы, падмацаваныя супольнымі шлюбамі і сваяцтвам. У 2012 — 2013 гг. дхімба арганізаваліся для пратэстаў супраць урада Намібіі, які не прызнае іх правоў на занятыя землі.
Традыцыйная рэлігія ўяўляе сабою культ продкаў. Многія вернікі спавядаюць хрысціянства.