Дызельнае паліва (салярка) — вадкае паліва з нафты для дызельных і газатрубінных рухавікоў, што ёсць сумессю вуглевадародаў з менш як 4 % прымесяў (азот-, сера- або кіслародазмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў). Атрымліваецца перагонкай нафты. У вытворчасці для хуткасных дызеляў выкарыстоўваюць газа-газойлевыя фракцыі (тэмпература кіпення 180—360 °C, шчыльнасць 790—860 кг/м³) з тэмпературай застывання ад −55 да −5 °C і згарання 35—61 °C, для ціхаходных — цяжкія вязкія фракцыі (тэмпература кіпення 250—420 °C, шчыльнасць 930 кг/м³) з тэмпературай застывання ад −5 да 10 °C і згарання 65—85 °C. Эксплуатацыйныя ўласцівасці (хуткае загаранне і павольнае гарэнне) характарызуецца цэтанавым лікам (аптымальнае яго значэнне 45—60)[1].
У 2012 годзе Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (Гомельская вобласць) і наваполацкі «Нафтан» (Віцебская вобласць) вырабілі 10 млн тон дызельнага паліва[2] «летняга» (да −5 °C), «зімняга» (да −20 °C) і «арктычнага» (да −32 °C) гатункаў[3] паводле стандартаў «Еўра-4» і «Еўра-5»[4].