Дыкра́нум (Dicranum) — род лістасцябловых імхоў сямейства дыкранавых.
Лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя, бліскучыя, ад зялёных да бураватых. Сцябло простае або вілаватае, часта з рызоідным лямцам. Лісце звычайна павернутае ў адзін бок, серпападобнае, радзей усебакова адтапыранае, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, уверсе жалабатае да трубчастага, суцэльнакрайняе ці зубчастае з жылкай. Каробачка ад яйцападобнай да цыліндрычнай, са спорамі. Вечка з касой дзюбкай. Каўпачок буйны, клабукападобны.
Вядома больш за 50 відаў, пашыраных пераважна ва ўмеранай і халоднай зонах Галарктыкі. Удзельнічаюць у фарміраванні наглебавага покрыва тундраў, балот і хвойных лясоў. На Беларусі найчасцей сустракаюцца дыкранум мётлападобны (Dicranum scoparium) і дыкранум шматножкавы (Dicranum polysetum).