Дыпламатычная пошта — адзін з найбольш важных і распаўсюджаных відаў сувязі дыпламатычнага прадстаўніцтва ці консульскай установы з цэнтрам ці з іншымі прадстаўніцтвамі сваёй дзяржавы за мяжой. Дыпламатычная пошта ўтрымлівае афіцыйную карэспандэнцыю, дыпламатычныя дакументы і тавары (прадметы), прызначаныя для выкарыстання ў дзейнасці Міністэрства замежных спраў, дыпламатычных і консульскіх устаноў, прадстаўніцтваў дзяржавы пры міжнародных арганізацыях; яна павінна быць адпаведным чынам упакавана і аформлена. Якіх-небудзь фармальных абмежаванняў колькасці месцаў, вагі і формы дыпламатычнай пошты няма, хаця асобныя краіны часам пярэчаць супраць празмерных памераў ці незвычайнай формы дыпламатычнай пошты (напрыклад, грузавік, з пячаткай толькі на дзверцах кузава).
Дыпламатычная пошта недатыкальная і не абкладаецца ніякімі падаткамі, зборамі і пошлінамі. Мытны кантроль дыпламатычнай пошты ажыццяўляецца шляхам праверкі наяўнасці дакументаў і звестак, неабходных для мытных мэтаў, і агляду месцаў, якія складаюць дыаламатычную пошту, падчас якога правяраецца наяўнасць знешніх бачных знакаў, што ўказваюць на адпаведны характар перамяшчаемых рэчаў: наяўнасць надпісу «Дыпламатычная пошта» альбо аналагічнага надпісу, што ўказвае на харакар перамяшчаемых рэчаў, наяўнасць адраснай біркі, наяўнасць і цэласнасць пячаткі, замка.
Дыпламатычная пошта (консульская валіза) не падлягае не ўскрыццю, ні затрыманню.
Пры наяўнасці сур’ёзных падстаў меркаваць, што ў консульскай валізе Рэспублікі Беларусь перамяшчаюцца тавары (прадметы), якія не адносяцца да консульскай валізы Рэспублікі Беларусь, консульская валізы Рэспублікі Беларусь накіроўваецца ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь для правядзення ўскрыцця і разбіральніцтва ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь з удзелам упаўнаважаных службовых асоб мытных органаў Рэспублікі Беларусь.
Пры наяўнасці сур’ёзных падстаў меркаваць, што ў замежнай консульскай валізе перамяшчаюцца тавары (прадметы), якія не адносяцца да замежнай консульскай валізы, мытны орган Рэспублікі Беларусь мае права запатрабаваць, каб замежная консульская валіза была ўскрыта ўпаўнаважанымі асобамі адпаведнай замежнай дзяржавы ў прысутнасці службовых асоб мытнага органа Рэспублікі Беларусь. У выпадку адмовы ад ускрыцця замежная консульская валіза вяртаецца ў месца адпраўлення. Звесткі аб выпадках ускрыцця замежнай консульскай валізы альбо вяртання яе ў месца адпраўлення начальнікам мытні накіроўваюцца на працягу трох сутак у Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь для інфармавання Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Прававое рэгуліраванне дыпламатычнай пошты забяспечваецца Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах ад 18 красавіка 1961 года і Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах ад 24 красавіка 1963 года. Парадак мытнага афармлення дыпламатычнай пошты (консульскай валізы) ў Рэспубліцы Беларусь рэгуліруецца Пастановай Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь № 110 ад 30 кастрычніка 2006 года.
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |