Дысідэнт (іншадумца, лац.: dissidens — нязгодны) — чалавек, які адстойвае погляды, што радыкальна разыходзяцца з агульнапрынятымі. Часта гэты канфлікт асабістых перакананняў з паноўнай дактрынай прыводзіць да ганенняў, пераследу і рэпрэсій з боку афіцыйных уладаў.
У Англіі XVI—XVII стагоддзяў тэрмін «дысідэнты» ці «дысентэры» (англ.: dissenters) прымяняўся да членаў пратэстанцкіх груп, якія супрацьстаялі афіцыйнай Англіканскай царкве — пурытанам, квакерам і да т. п. Таксама яны называліся нонканфармістамі.
У Рэчы Паспалітай пасля пачатку Рэфармацыі дысідэнтамі сталі называць спачатку паслядоўнікаў усіх хрысціянскіх вераспавяданняў — так, вялікі каронны маршалак Фірлей прапаноўваў усталяваць мір паміж тымі, хто розніцца ў рэлігіі (pax inter dissidentes de religione), што і было ажыццёўлена на канвакацыйным сейме 1573 г. у акце Варшаўскай канферэнцыі[1].
Пазней слова «дысідэнты» стала азначаць толькі некаталікоў. Пасля Берасцейскай уніі 1596 года праваслаўных, якія не прынялі яе, сталі называць «дызунітамі» (dyzunity), і назва «дысідэнты» засталася толькі за пратэстантамі, хаця па-за межамі Рэчы Паспалітай (у прыватнасці, у Масковіі) праваслаўных Рэчы Паспалітай працягвалі іменаваць дысідэнтамі. Невырашанасць дысідэнцкага пытання была адной з нагод для ўмяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі.
У 1960-я гады дысідэнтамі сталі называць прадстаўнікоў апазіцыйнага руху ў СССР і краінах Усходняй Еўропы, які (у супрацьлегласць да антыбальшавіцкіх і антыкамуністычных рухаў ранейшага перыяду) не спрабаваў змагацца гвалтоўнымі сродкамі супраць дзяржаўнага ладу і марксісцка-ленінскай ідэалогіі, а апеляваў да законаў СССР (гл. Праваабарончы рух у СССР) і афіцыйна абвешчаных каштоўнасцяў[2][3]. Тэрмін спачатку стаў прымяняцца на Захадзе, а потым і самі іншадумцы пачалі яго выкарыстоўваць.
З таго часу дысідэнтамі часта называюць галоўным чынам людзей, якія супрацьстаяць аўтарытарным рэжымам, хаця гэтае слова сустракаецца і ў больш шырокім кантэксце, напрыклад для пазначэння людзей, якія супрацьстаяць ладу думак, што пануе ў іх групе. Дысідэнтамі (у адрозненне ад рэвалюцыянераў), як правіла, называюць тых, хто не прымяняе і не заклікае прымяняць гвалтоўныя метады барацьбы. Часам слова «дысідэнт» недакладна выкарыстоўваецца ў дачыненні да людзей, якія не выступаюць супраць палітычнага рэжыма непасрэдна, але ставяцца да яго крытычна і свядома ухіляюцца ад любых форм «супрацоўніцтва», у тым ліку ад кар'еры, высокіх пасадаў і да т. п.; больш трапна такіх людзей называюць «унутранымі эмігрантамі».
Большасць жыхароў СССР не мела інфармацыі пра дзейнасць дысідэнтаў, якіх не друкавалі ў афіцыйных СМІ, і не імкнулася атрымліваць такую інфармацыю. Параўнальна нешматлікі самвыдат быў амаль незаўважны на фоне мільённых накладаў афіцыйных выданняў. Сярод тых, хто такую інфармацыю меў, стаўленне да дысідэнтаў было розным і не заўжды ўхвальным. Якаў Кротаў так апісваў стаўленне часткі прыхаджан Аляксандра Меня да дысідэнтаў:[4]
«…адмова ад удзелу ў палітычнай апазіцыі ў многіх прыхаджан перарастала ў агрэсіўнае, пыхлівае, пагардлівае стаўленне да „дысідэнтаў“. Пачынаў хадзіць міф пра тое, што яны — бездухоўныя, што апазіцыйнасць вядзе да аслаблення маральных асноваў і да т. п.»
Да найбольш вядомых дысідэнтаў, якія дзейнічалі ў БССР, належаць рабочы Міхась Кукабака, уніяцкі святар Віктар Данілаў, філосаф Алег Бембель, мастак Цфанія Кіпніс ды іншыя. Розныя групы дысідэнтаў і асобныя дысідэнты ў БССР заставаліся разрозненымі, рэдка і мала кантактавалі паміжсобку, часта наогул не ведалі пра існаванне іншых груп і асоб. Дысідэнты БССР стварылі мала самвыдавецкіх тэкстаў у параўнанні з дысідэнтамі суседніх краін (Расіі, Украіны, Літвы), практычна не выпускалі перыядычных выданняў (рэдкі вынятак - «Гутаркі» Міколы Ермаловіча). Такім чынам, у выпадку БССР можна казаць пра наяўнасць груп дысідэнтаў, але не дысідэнцкага руху.
Нягледзячы на разрозненасць і невядомасць шырокай публіцы, дысідэнтаў БССР можна было налічыць дзясяткі, а разам з рэлігійнымі дысідэнтамі (пераважна пратэстантамі) - сотні. Дысідэнты Беларусі не толькі распаўсюджвалі самвыдат (як, напрыклад, Навум Нім). Некаторыя з іх удзельнічалі ў спробах стварыць у СССР незалежныя прафсаюзы (Лідзія Валенда). Даволі шмат было актывістаў руху за права выезду з СССР (напрыклад, Лідзія Драздова). У вялікай ступені гэты рух быў рухам яўрэяў за права выезду ў Ізраіль. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі апошняга сталі палкоўнікі Леў Аўсішчар і Яфім Давідовіч ды падпалкоўнік Навум Альшанскі, пазбаўленыя за сваю дзейнасць воінскіх званняў.
Сродкі падаўлення дысідэнцкай дзейнасці, якія прымянялі ўлады, былі разнастайнымі: гэта і турэмнае зняволенне (Міхась Кукабака, Яўген Бузіннікаў, Навум Нім ды многія іншыя), і карная псіхіятрыя (Міхась Кукабака, Іван Мірончык ды іншыя), і так званая "прафілактыка" (шырокі комплекс мер ад гутарак з супрацоўнікамі КДБ да шальмавання ў друку), і фізічныя расправы (Лявон Баразна).
Наконт карэктнасці прымянення тэрміна «дысідэнт» у сучаснай Беларусі існуе рознагалоссе. Часам дысідэнтамі называюць сучасных беларускіх палітыкаў, грамадзянскіх актывістаў ці культурных дзеячаў[5] [6].