Дыхальца, або стыгма (лац.: stigmate, stigma), — вонкавая адтуліна органаў дыхання ў насякомых.
Дыханне ў насякомых адбываецца з дапамогай трахей. Трахеі адкрываюцца вонкі з дапамогай дыхальцаў, якія размяшчаюцца на верхнім баку па баках сярэдня- і заднягрудзей і 6-8 першых брушных сегментаў. У трахейную сістэму паветра паступае праз дыхальца. Кожнае дыхальца адкрываецца ў трахеі.
У дарослай стадыі ў жукоў дыхальцаў становіцца менш, чым у лічынкавай стадыі.
У залежнасці ад колькасці дыхальцаў дыхальная сістэма насякомых можа ставіцца да аднаго з наступных тыпаў:
- галапнейстычная — маецца 2 пары грудных і 8 пар брушных дыхальцаў, характэрная для большасці імага і лічынак геміметабалічных насякомых;
- геміпнейстычная (галаметабалічныя насякомыя, іх лічынкі і кукалкі). У сваю чаргу ў ёй вылучаюць некалькі падтыпаў:
- перыпнейстычная (на грудзях 1 пара дыхальцаў);
- амфіпнейстычная (1 пара грудных дыхальцаў і 2-3 пары на пярэдніх сегментах брушка);
- метапнейстычная (толькі 1 пара дыхальцаў на канцы брушка)
- апнейстычная (дыхальцы адсутнічаюць і паветра пранікае праз паверхню ўсяго цела або з дапамогай трахейных жабраў — водныя лічынкі, лічынкі наезнікаў і мух-тахін).