Дыэлектрык (грэч. διά + ἤλεκτρον — праз + бурштын) — рэчыва, якое амаль не праводзіць электрычны ток і можа палярызавацца ў знешнім электрычным полі. Асноўныя ўласцівасці: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрымальнасць і электрычная трываласць (прабой дыэлектрыкаў ).
Дыэлектрыкі бываюць цвёрдыя (бурштын, слюда, шкло і эбаніт), вадкія (вада і трансфарматарнае масла ) і газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры цяжару дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга электрычнага поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызавання залежаць ад віду хімічнай сувязі.
У тэхніцы дыэлектрыкі выкарыстоўваюцца ў якасці электраізаляцыйных матэрыялаў. У кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці. У паўправадніковай электроніцы выкарыстоўваюцца дыэлектрычныя стужкі (аморфныя, шклопадобныя і палімерныя) для ўтварэння структур метал-дыэлектрык-метал і метал-дыэлектрык-паўправаднік. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя, які падзяляе 2 звышправаднікі кантакты Джозефсана), створаныя маламагутныя звышвысокачастотныя генератары , хуткадзейныя элементы памяці вылічальных прылад і квантавыя інтэрферометры.
У Беларусі даследаванні фізічных уласцівасцей дыэлектрыкаў пачаліся ў 1935 годзе ў Беларускім політэхнічным інстытуце Міхаіл Безбародаў). З 1959 г. вядуцца ў Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1].