Дыямед

Дыямед
валадар Аргаса
Міфалогія Старажытнагрэчаская
Пол мужчынскі пол
Бацька Тыдэй
Маці Дэіпіла
Браты і сёстры Comaetho[d]
Жонка Эгіялея
Дзеці Diomedes[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дыяме́д (стар.-грэч.: Διομήδης, літаральна «разумны нібы бог») — легендарны старажытнагрэчаскі герой. Валадар Аргаса. Удзельнік пахода эпігонаў і Траянскай вайны.

Згодна міфалагічнай традыцыі, Дыямед паходзіў ад нашчадка калідонскага прастола Тыдэя і прынцэсы Дэпілы, дачкі Адраста з Аргаса. Выхоўваўся ў Аргасе. Калі Дыямед быў яшчэ малым, яго бацька Тыдэй загінуў пры нападзе на Фівы. Каб адпомсціць за Тыдэя, Дыямед стаў адным з эпігонаў.

Паход эпігонаў на Фівы скончыўся смерцю Эгіялея, сына Адраста. Адраст памёр ад гора. Такім чынам, Дыямед застаўся адзіным прэтэндэнтам на прастол Аргаса. Для падмацавання сваіх правоў герой ажаніўся з Эгіялеяй, дачкой Эгіялея. Стаўшы ўладаром, ён умешваўся ў справы Калідона, адкуль выгнаў Тэрсіта.

Траянская вайна

[правіць | правіць зыходнік]

Дыямед уваходзіў у лік жаніхоў Алены Цудоўнай і быў прывязаны клятвай дапамогі Менелаю. Пасля выкрадання Алены Парысам быў вымушаны ўдзельнічаць у Траянскай вайне. Яго флот з 80 караблёў быў другім па ліку пасля флота Агамемнана.

Дыямед — адзін з найбольш слынных герояў «Іліяды», другі наймагутнейшы ахейскі воін пасля Ахіла. Яго заступніцай была багіня Афіна. Даспехі Дыямеда выкаваў бог Гефест. У баі ледзь не забіў Энея, параніў двух алімпійскіх багоў Афрадыту і Арэса, што змагаліся на баку траянцаў, двойчы нападаў на Апалона. Падчас уварвання траянцаў у ахейскі лагер быў паранены і знаходзіўся на караблі. Згодна Гамеру, блізкім сябрам Дыямеда быў Адысей. Нягледзячы на насмешкі Агамемнана, ніколі не супрацьстаяў правадыру ахейцаў, удзельнічаў у прымірэнні Агамемнана і Ахіла. У рытуальных гульнях пасля смерці Патрокла выйграў трыножнік, які потым захоўваўся ў Дэльфах.

У іншых творах Траянскага цыкла апавядаецца, што Дыямед разам з Адысеям выкралі з Троі статую Палады. На гульнях пасля смерці Ахіла выіграў спаборніцтва ў бегу. Дыямед знаходзіўся знутры Траянскага каня і забіў шмат траянцаў падчас штурму Троі. Разам з Нестарам пакінуў Трою раней за іншых грэчаскіх правадырооў, таму шчасна дабраўся да Аргаса.

Дыямед у Італіі

[правіць | правіць зыходнік]

Афрадыта не прабачыла Дыямеда за раненне. Пакуль ён змагаўся пад Трояй, яна падманам прывабіла яго жонку Эгіялею завесці палюбоўнікаў. Пасля вяртання Дыямеда яна не пусціла мужа ў Аргас. Засмучаны Дыямед перабраўся ў Этолію, а адтуль — у Апулію, дзе змагаўся супраць месалійцаў. Вергілій у «Энеідзе» паведамляў, што Дыямед адмовіўся ваяваць супраць Энея, калі даведаўся пра высадку траянцаў у Лацыа.

Грэкі і рымляне лічылі, што Дыямед заснаваў у Італіі некалькі гарадоў, у тым ліку Брындзізі, Венафра, Сан-Севера і Каноза-дзі-Пулья.

Дыямед — адзін з нешматлікіх старажытнагрэчаскіх міфічных герояў, які падобна Гераклу і Тэсею, меў свой культ шанавання. Цэнтры ахвярапрынашэнняў Дыямеду месціліся пераважна на Кіпры, ва ўсходняй частцы Адрыятыкі, на астравах Палагружа.