Дыянісій Фракійскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 170 да н.э.[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 90 да н.э.[1] |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | граматык, пісьменнік |
Вядомыя вучні | Луцый Элій Стыла Прэконій[d] і Тыраніён[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дыянісій Фракійскі (стар.-грэч.: Διονύσιος ὁ Θρᾷξ; 170 да н.э. — 90 да н.э.) — антычны граматык.
Яго «Граматыка» — першая ў еўрапейскай навуцы пра мову сістэматычная граматыка. У ёй вызначаюцца прадмет і задачы граматыкі, даюцца звесткі аб правілах чытання і націску, пра інтанацыю, пунктуацыю, класіфікацыю галосных і зычных, вядзецца гаворка пра характарыстыку складоў, вызначэнне слова і сказа. Асноўная ўвага ў граматыцы надаецца часцінам мовы (іх восем: імя, дзеяслоў, дзеепрыметнік, артыкль, займеннік, прыназоўнік, прыслоўе і злучнік). Яны выдзяляюцца галоўным чынам на аснове марфалагічных і семантычных прымет (часткова сінтаксічных). Так, імя вызначаецца як часціна мовы, якая змяняецца па склонах і, апрача таго, мае пэўнае значэнне (прадметнае або рэчыўнае).
У адрозненне ад стоікаў, якія арыентаваліся на логіку, слова і сказ Дыянісій вызначаў на аснове лінгвістычнага крытэрыя. Напрыклад, пад словам ён разумеў найменшую частку звязнага маўлення, а пад сказам — злучэнне слоў, якія выражаюць закончаную думку.
Як і стоікі, у грэчаскай мове ён вылучаў пяць іменных склонаў: прамы, родны, давальны, вінавальны і клічны.
Падрабязна апісваў катэгорыі імя (род, лік, склон і інш.) і дзеяслова (лад, стан, асоба, час, лік), надаваў увагу словаўтварэнню імёнаў і дзеясловаў.
Адна з заслуг Дыянісія ў тым, што ён стварыў многа граматычных тэрмінаў, у прыватнасці, упершыню ў грэчаскай граматычнай навуцы даў назвы дзеяслоўным ладам (абвесны, загадны, пажадальны, умоўны і няпэўны).
Гісторыя мовазнаўства сведчыць, што граматыка Дыянісія Фракійскага стала «маці ўсіх еўрапейскіх граматык, у тым ліку і рускай» (Ф. Ф. Зялінскі).