Дыёгу Кау | |
---|---|
парт.: Diogo Cão | |
Род дзейнасці | падарожнік-даследчык |
Дата нараджэння | 1452 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1486[1] |
Грамадзянства | |
Падданства | Партугалія |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дыёгу Кау (парт.: Diogo Cão; каля 1452 — каля 1486 гг.)[2] — партугальскі мараплавец, даследчык заходняга ўзбярэжжа Афрыкі і ракі Конга.
Паходзіў з партугальскага рыцарскага роду Кау, аднак меркавана з’яўляўся байструком. З канца 1470-х гг. даследаваў заходняе ўзбярэжжа Афрыкі. Лічыцца першаадкрывальнікам вострава Анабон. У 1482—1484 гг. экспедыцыя на чале з Дыёгу Кау адкрыла і даследавала вусце ракі Конга. Тут быў усталяваны каменны слуп, што сведчыў аб першынстве партугальскіх мараплаўцаў. Пасля вяртання на радзіму Дыёгу Кау атрымаў ад караля Жуана II званне рыцара.
У 1485 годзе ўзначаліў новую экспедыцыю з мэтай падняцца ўздоўж ракі Конга. Падчас вывучэння рэчышча ў раёне Матады чальцы экспедыцыі ўпершыню даведаліся пра Каралеўства Конга. Дыёгу Кау накіраваў пасольства да мясцовага караля з падарункамі, пасля чаго вывучаў узбярэжжа на поўдзень ад вусця Конга. Найбольш паўднёвым пунктам, якога дасягнула яго экспедыцыя, з’яўляўся мыс Крос , дзе быў усталяваны яшчэ адзін слуп. Усяго падчас экспедыцый усталяваў 4 слупы. Аднак партугальскае пасольства было затрымана каралём Конга. Стомлены чаканнем, Дыёгу Кау ўзяў на карабель 4 мясцовых жыхароў, абяцаў іх сваякам, што верне праз 15 месяцаў, і адплыў з імі ў Партугалію.
У 1487—1488 гг. адбылася трэцяя партугальская экспедыцыя да ракі Конга. Яна вярнула захопленых Дыёгу Кау заложнікаў і наладзіла кантакты з каралеўскім дваром у Мбанза-Конга. Але ці прымаў у ёй удзел сам Дыёгу Кау, невядома. Паводле адной з версій храністаў, ён загінуў яшчэ падчас другой экспедыцыі каля мыса Крос.