Дэ́льта (ад абрысу грэч. вялікай літары «дэльта» — Δ ) — нізіна, утвораная рачнымі наносамі ў вусці ракі, якая ўпадае ў плыткі ўчастак мора або возера. Прарэзана сеткай рукавоў і праток.
Дэльта ракі — амаль плоская нізіна ў нізоўях ракі, складзеная рачнымі наносамі, якія назапашваліся ў спакойных гідрадынамічных умовах. Калі перагружаная наносамі рака ўпадае ў возера або спакойны заліў, бухту ці абаронены ўчастак марскога ўзбярэжжа, хуткасць яе цячэння зніжаецца. Пры гэтым дробныя часцінкі адкладваюцца, утвараючы тонкі пласт на дне возера або бухты. На ўчастку, дзе актыўны струмень губляе сваю сілу, вялікая колькасць наносаў хутка назапашваецца на дне, фармуючы акумулятыўную тоўшчу з адносна стромкім схілам, звернутым у бок мора. Гэта перадавыя пласты, якія тыповыя для ўсіх дэльт. Паверхневыя пласты — гэта асадкі, адкладзеныя рукавамі ракі.
Падчас нарошчвання дэльта паступова прасоўваецца наперад. Пры гэтым абрысы і становішча берагавой лініі змяняюцца, і адбываецца частковае падпруджванне вусця ракі. У выніку яна дзеліцца на мноства рукавоў, якія ў целе дэльты пракладваюць уласныя рэчышчы. Дэльта, раздзеленая сеткай рукавоў, называецца часам «птушынай лапай» з-за яе абрысаў на карце.
Буйныя дэльты — гэта, як правіла, урадлівыя, увільготненыя, амаль плоскія тэрыторыі, якія ідэальна падыходзяць для сельскагаспадарчага выкарыстання пры ўмове забеспячэння рэгулявання сцёку і паводак. Вельмі часта гэта густанаселеныя рэгіёны.
Адной з найбуйных у свеце з'яўляецца дэльта Місісіпі працягласцю каля 320 км і плошчай 31 тыс. кв. км. Яна працягвае расці і прасоўваецца ў Мексіканскі заліў са хуткасцю каля 100 м за год. Плошча дэльты Ніла 26 тыс. кв. км. Рака Хуанхэ сфармавала дэльту, якая высунутая ў Жоўтае мора ў выглядзе Шаньдунскага паўвострава. У вусці рэк Ганг і Брахмапутра дэльта плошчай 130 тыс. кв. км высунутая ў Бенгальскі заліў.