Дэндрарый

Дэндра́рый (ад грэч. δένδρον — дрэва), або дэндралагічны сад — калекцыі дрэвавых раслін адкрытага грунту, высаджаных паводле пэўнага прынцыпу (сістэматычнага, геаграфічнага, экалагічнага, дэкаратыўнага і інш.). Можа быць самастойным ці уваходзіць у склад батанічнага сада. Займае плошчу ад некалькіх да соцень гектараў.

Дэндрарый мае навуковае, вучэбнае, культурна-асветнае, доследна-вытворчае значэнне: паказвае багацце і разнастайнасць дрэвавай сусветнай ці рэгіянальнай флоры, з'яўляецца базай для н.-д. работы па інтрадукцыі, акліматызацыі і селекцыі дрэвава-кустовых раслін, спрыяе пашырэнню рэдкіх і гаспадарча-каштоўных відаў.

У дэндрарыях вывучаецца відавы склад, біялагічныя асаблівасці, развіццё, плоданашэнне, экалогія мясцовых і інтрадукаваных парод, вызначаецца асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага будаўніцтва і лясной гаспадаркі.

Старэйшыя дэндрарыі на тэрыторыі СНД у Грузіі ў Тбілісі  (руск.) (1625), у Расіі ў Маскве  (руск.) (1706) і Санкт-Пецярбургу (1714), ва Украіне ва Умані «Сафіеўка» (1714), «Александрыя»  (руск.) у Белай Царкве (1793—97), Харкаве  (руск.) (1804) і Нікіцкі батанічны сад у Ялце (1812), а таксама ў Эстоніі ў Тарту  (англ.) (1803) і інш. Буйны дэндрарый — у Галоўным батанічным садзе АН Расіі  (руск.) ў Маскве.

На Беларусі самы вялікі дэндрарый у Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай АН Беларусі, плочша якога складае 95,8 га. Закладзены ў 1932 паводле батаніка-геаграфічнага прынцыпу: Беларусь, Далёкі Усход і Усходняя Азія, Паўночная Амерыка, Еўропа і Сібір, Каўказ і Крым, Сярэдняя Азія. Складаецца з геаграфічнай і лесапаркавай тэрыторый. У калекцыях каля 1500 відаў і форм дрэў, кустоў, павойных раслін.

Другі па колькасці відаў дэндрарый Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі, плошча якога каля 15 га. Закладзены ў 1884 як дрэвавы гадавальнік, у канцы 1950-х г. пертвораны ў дэндралагічны сад. У калекцыях каля 400 відаў дрэў і кустоў.

Дэндрарый Жорнаўскай лясной доследнай станцыі (Асіповіцкі раён) створаны ў пачатку 20 ст. У калекцыі каля 200 відаў хвойных і лісцевых парод. Віцебскі дэндрарый закладзены ў 1919 паводле геаграфічнага прынцыпу. Збераглося каля 80 відаў. У калекцыях дэндрарыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (в. Шчомысліца Мінскага раёна), які закладзены ў 1933, каля 330 відаў і форм дрэвавых парод.

Дэндрарый Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта (г.п. Негарэлае Дзяржынскага раёна) закладзены ў 1954 паводле геаграфічнага прынцыпу. У калекцыях больш за 500 відаў і форм дрэвавых парод. Дэндрарый Глыбоцкага лясгаса закладзены ў 1968. Мае плошчу 8,2 га і калекцыю з 530 відаў дрэвавых раслін.

Дэндрапарк в. Кублічы.

Школьныя дэндрарыі ў г.п. Ружаны Пружанскага і в. Валеўка Навагрудскага раёнаў.