Егіпецкі музей і збор папірусаў | |
---|---|
Заснаваны | 1828 |
Заснавальнік | Аляксандр Гумбальт і Фрыдрых Вільгельм III |
Месцазнаходжанне | |
Дырэктар | Friederike Seyfried[d] |
smb.museum/museen… (ням.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Егіпецкі музей і збор папірусаў, коратка Егіпецкі музей (ням.: Ägyptisches Museum und Papyrussammlung) — музей у складзе Дзяржаўных музеяў Берліна. З 2009 года Егіпецкі музей размяшчаецца ў адноўленым Новым музеі на Музейным востраве.
Егіпецкі музей вырас з егіпецкага аддзела ў зборы караля Фрыдрыха Вільгельма III, створанага ў 1828 годзе па радзе Аляксандра фон Гумбальта. Першым кіраўніком гэтага аддзела, які размяшчаўся спачатку ў палацы Манбіжу, стаў Джузэпэ Пасалаква, купец з Трыеста, чыя калекцыя археалагічных знаходак пакладзена ў аснову збораў. Гэта калекцыя папоўнілася экспанатамі, прывезенымі з экспедыцыі Карла Рыхарда Лепсіуса ў 1842—1845 гадах.
У 1850 годзе музей атрымаў уласны новы будынак, пабудаваны на Музейным востраве па праекце Фрыдрыха Аўгуста Шцюлера, Новы музей. У 1920 годзе Джэймс Сайман падарыў музею бюст Неферціці, самы вядомы экспанат калекцыі. Сайман фінансаваў раскопкі, якія ў егіпецкай Амарне вёў Людвіг Борхарт, і даставіў знаходкі ў Германію.
Другая сусветная вайна падзяліла фонды музея. Новы музей у 1943 годзе атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні, многія экспанаты згарэлі падчас пажару. Збор вывезлі на захоўванне ў розныя месцы. Бюст Неферціці перажыў вайну ў шахце саляварні ў Цюрынгіі, а потым быў перавезены ў Музей Вісбадэна.
Большая частка калекцыі апынулася ва Усходнім Берліне і з 1958 года дэманстравалася ў Музеі Бодэ. Іншая частка калекцыі, перададзеная Заходняй Германіяй у Заходні Берлін, дэманстравалася з 1967 года ў Шцюлераўскім будынку насупраць палаца Шарлотэнбург.
Пасля аб’яднання Германіі настаў час аб’яднацца і дзвюм часткам егіпецкай калекцыі. Экспазіцыя Егіпецкага музея ў Музеі Бодэ была закрыта ў 1990-я гады ў сувязі з рэканструкцыяй будынка. У жніўні 2005 года экспазіцыя з Шарлотэнбурга вярнулася на Музейны востраў, у Стары музей, дзе да 2009 года дэманстраваліся яе найбольш значныя экспанаты невялікіх памераў. Новы музей з прычыны недахопу выставачных плошчаў таксама не можа прыняць такія манументальныя скульптурныя і археалагічныя аб’екты калекцыі, як вароты з храмавага комплексу Калабшы і двор памінальнага храма Сахура. У адпаведнасці з майстар-планам Музейнага вострава ў будучыні яны будуць дэманстравацца ў планаваным чацвёртым флігелі Пергамскага музея.