Еўпраксія Усеваладаўна

Еўпраксія Усеваладаўна
Holy Roman Empress[d]
1089 — 1095

Нараджэнне 1071
Смерць 20 ліпеня 1109
Месца пахавання
Род Рурыкавічы
Бацька Усевалад Яраславіч[1]
Маці Ганна Палавецкая[d][1]
Муж Генрых IV[1] і Henry I, Margrave of the Nordmark[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Еўпраксія Усеваладаўна (у заходнееўрапейскіх крыніцах: Адэльгейда, ням.: Adelheid, Пракседа, лац.: Praxedis; 1069/10719 ліпеня 1109) — дачка Усевалада Яраславіча, сястра Уладзіміра Манамаха, другая жонка імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Генрыха IV.

Графіня фон Штадэ

[правіць | правіць зыходнік]

Трапіла ў Германію паміж 1083 і 1086 гг. як нявеста Генрыха Штадена, маркграфа Саксонскай Паўночнай маркі (з якім рускія князі мелі традыцыйны саюз). Генрых быў сваяком жонкі вялікага князя кіеўскага Святаслава Яраславіча Оды: яе маці Іда фон Эльсдорф ўсынавіла бацьку Генрыха Уда. Даследчыкі мяркуюць, што гэты шлюб быў патрэбны бацьку Еўпраксіі Усеваладу для ўзмацнення сваіх пазіцый перад Еўропай у супрацьстаянні з пляменнікам Яраполкам, які быў жанаты на нямецкай графіне Кунігундзе.

Еўпраксія была выдадзена замуж за маркграфа Генрыха у 12-гадовым узросце. У Германію яна прыбыла з вялікай світай і караванам вярблюдаў, нагружаных багатай вопраткай, каштоўнымі камянямі і вялікай колькасцю скарбаў.

У чэрвені 1087 года яе муж памёр, дзяцей ад гэтага шлюбу не было.

Верагодна, Еўпраксія была вельмі прыгожая, таму што ў яе закахаўся імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Генрых IV. Заручыны з ім адбыліся праз год пасля смерці яе першага мужа, у 1088 годзе. У пачатку восені Еўпраксія ў якасці «нарачонай» Генрыха IV знаходзілася ў манастыры ў Кведлінбурге пад апекай абатысы Адэльгейды, сястры імператара.

14 жніўня 1089 магдэбургскі архіепіскап Гартвіг ў Кёльнскім саборы вянчаў 39-гадовага Генрыха IV і маладую кіяўлянку Еўпраксію, якая пасля звароту ў каталіцтва прыняла імя Адэльгейда (Адэлаіда). Каранацыя каралевы Адэльгейды адбылася неўзабаве пасля Раства 1089 г. у Кёльне.

Па версіі нямецкага гісторыка Герда Альтхофа, шлюб Адэльгейды і Генрыха пераследваў сваёй мэтай умацаваць сувязі імператара з саксонскімі кіраўнікамі. Маладой прызначалася роля закладніцы, што для свайго часу было шырока распаўсюджанай практыкай, якая дазваляла ўмацаваць і засцерагчы заключаны палітычны саюз.

Крызіс паміж мужам і жонкай

[правіць | правіць зыходнік]

Пагаршэнне адносінаў паміж мужам і жонкай наступіла хутка, імкліва прымаючы скандальныя формы на фоне жорсткай барацьбы за інвестытуру.

У тым жа годзе, дзякуючы ўдалай дыпламатыі рымскага Папы Урбана II, праціўнікі Генрыха IV заключаюць палітычны і ваенны саюз — 43-гадовая Мацільда Тасканская ўступае ў шлюб з 17-гадовым Вельфом V.

У сакавіку 1090 года Генрых IV вяртаецца ў Італію, каб умяшацца ў барацьбу паміж Кліментам III і Урбанам II і працягнуць вайну супраць Мацільды. У красавіку 1090 года Генрых IV прыбыў у Верону, куды крыху пазней перабраўся і яго двор. Выключаючы кароткі перыяд жыцця ў Падуі (студзень — жнівень 1091 года), Еўпраксія аж да 1093 года заставалася ў Вероне, дзе ў 1092 годзе памёр яе нованароджаны сын і дзе адбываюцца асноўныя падзеі ўскладнення адносін з Генрыхам.

Напярэдадні Вялікадня 1091 г. Генрых IV захапіў пасля працяглай шматмесячнай аблогі Мантую, якую абараняў граф Вельф. З вясны 1092 года Генрых IV аблажыў крэпасць Монтевелья, але ў кастрычніку вымушаны быў ад яе адступіць, павярнуўшы сваё войска ў бок Каносы. Тут фартуна канчаткова адвярнулася ад імператара — у кастрычніку 1092 года Генрых IV пацярпеў паразу пад сценамі Каносы; гарады Мілан, Крэмона, Лодзі, П'ячэнца заключылі абарончы і наступальны саюз супраць імператара і ўзялі пад свой кантроль альпійскія перавалы, так што на гэты раз Генрых апынуўся адрэзаным ад Германіі, вымушаны быў вярнуцца ў Венецыю і на працягу трох гадоў, з 1093 па 1096 год, не мог вярнуцца ў Германію. Яго сын Конрад у 1093 годзе далучыўся да Папы і яго прыхільнікаў і ў Мілане быў узведзены на трон караля Італіі.

Паведамляецца, што Генрых вельмі раўнаваў сваю жонку і дрэнна да яе адносіўся. Адно з такіх сведчанняў прыводзіць Н. М. Карамзін: «Жадаючы выпрабаваць цнатлівасць Агнэсы, Генрых загадаў аднаму барону шукаць яе кахання. Яна не хацела слухаць спакусніка; нарэшце назоламі яго выведзеная з цярпення, прызначыла яму час і месца для тайнага спаткання. Замест барона з'явіўся сам імператар, ноччу, у поцемках, і замест палюбоўніцы сустрэў тузін слуг, апранутых у жаночыя сукенкі, якія, выконваючы загад імператрыцы, вылупцавалі яго без міласэрнасці, як зневажальніка яе гонару. Ва ўяўным бароне прызнаўшы свайго мужа, Агнэса сказала: „Для чаго ты ішоў да законнай жонцы ў выглядзе пралюбадзея?“ Раздражнёны Генрых, лічачы сябе падманутым, пакараў смерцю барона, а цнатлівую Агнэсу аблаяў з гнюснай жорсткасцю: голую паказаў маладым людзям, загадаўшы ім таксама распрануцца».

У «Штаденскіх аналах» таксама ўказваецца: «Конрад, сын Генрыха ад першага шлюбу, паўстаў супраць свайго бацькі па наступнай прычыне. Кароль Генрых зненавідзеў каралеву Адельхайду, сваю жонку, ды так, што нянавісць была яшчэ мацней, чым запал, з якой ён яе перш любіў. Ён зняволіў яе, і з яго дазволу многія здзяйснялі над ёй гвалт. Як кажуць, ён упаў у такое вар'яцтва, што нават згаданага сына пераконваў увайсці да яе. Так як той адмаўляўся апаганіць пасцель бацькі, кароль, угаворваючы яго, пачаў сцвярджаць, быццам ён не яго сын, а аднаго герцага, на якога названы Конрад быў надзвычай падобны тварам».

Ёсць версія, што адбывалася гэта таму, што Генрых уваходзіў у секту мікалаітаў, якія практыкавалі оргіі. У сваю чаргу, Г. Альтхоф лічыць, што паколькі шлюб імператара з Еўпраксіяй быў часткай мірнага пагаднення з саксонскімі кіраўнікамі і яна з'яўлялася своеасаблівай закладніцай, то яго стаўленне да жонкі памянялася пасля таго, як у яго пачаліся ўскладненні з саксонцамі. Тое, што Генрых загадваў гвалціць жонку, на думку Альтхофа, было пакараннем закладніцы, якая прадстаўляла бок, які не выканаў сваіх абавязацельстваў.

Еўрапейскі скандал

[правіць | правіць зыходнік]

Будучы фактычна вязніцай ў Вероне, Еўпраксія бяжыць адтуль (у канцы 1093 года) пад заступніцтва Папы Рымскага. Ля сцен Вероны яе сустрэў атрад на чале з Вельфам V і паспяхова даставіў яе ў Каносу да Мацільды Тасканскай.

На царкоўным саборы ў Канстанцы (красавік 1094) і на сінодзе у П'ячэнцы (сакавік 1095) Еўпраксія сведчыла супраць Генрыха, абвінаваціўшы яго ў прымусе да шлюбных здрад, у прыватнасці, да сужыцця са старэйшым сынам Конрадам, а таксама абвінаваціла імператара ў оргіях і сатанізме. Папа Урбан II зноў аддаў Генрыха анафеме. Скарга Еўпраксіі была прызнана справядлівай, і яна атрымала адпушчэнне грахоў.

Некаторы час пасля гэтага Еўпраксія жыла ў Італіі, відаць, пры двары сына Генрыха Конрада. Але каля 1096—1097 г., як мяркуюць, яна адправілася ў Венгрыю, «дзе ў яе было шмат сваякоў», але там не затрымалася і каля 1099 года вярнулася ў Кіеў, дзе жыла яе маці. Пасля смерці Генрыха ў жніўні 1106 года Еўпраксія пастрыглася ў манашкі (6 снежня 1106 года) і памерла ў 1109 годзе[2]. Пахаваная ў Пячэрскім манастыры.

Зноскі

  • Назаренко А. В. Древняя Русь на международных путях. М., 1999.
  • Rüß H. Eupraxia — Adelheid. Eine biographische Annäherung. // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. 54. 2006. S. 481—518.
  • Древняя Русь в свете зарубежных источников. — М., 2009—2010.
  • Морозова Л. Е. Великие и известные женщины Древней Руси. — М.: АСТ, 2009.
  • Gerdt Althoff. Heinrich IV. WBG, Darmstadt 2006.
  • Карамзин Н. М. История Государства Российского. — Ростов-на-Дону: Издательство «Феникс», 1995.
  • Буровский А. М. Несбывшаяся Россия. — М.: Эксмо, 2007.