Жамайце, Юлія Бянюшавічуце-Жыманцене | |
---|---|
Žemaitė, Julija Beniuševičiūtė-Žymantienė | |
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Жамайце |
Дата нараджэння | 4 чэрвеня 1845[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 снежня 1921[1] (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменніца |
Жанр | рэалізм |
Мова твораў | літоўская мова |
Дэбют | 1894 |
![]() |
Жама́йце (літ.: Žemaitė, сапраўднае імя: Юлія Бянюшавічу́це-Жыманцене, літ.: Julija Beniuševičiūtė-Žymantienė; 23 мая (4 чэрвеня) 1845, паводле іншых звестках 31 (19) мая[2] або 12 чэрвеня (31 мая)[3], маёнтак Буканты, каля горада Плунгяны, Жамойць, цяпер Літва — 7 снежня 1921, Мар’ямпаль, Літва) — літоўская пісьменніца, драматургіня, асветніца. Адна з галоўных удзельніц Літоўскага нацыянальнага Адраджэння ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў.
Паходзіла са збяднелай шляхты. З 1864 года працавала нянькай і пакаёўкай. У 1865 годзе пабралася шлюбам з былым прыгоннікам Лаўрынасам Жымантасам. Трыццаць год з мужам займалася сельскай гаспадаркай. Нарадзіла сем дзяцей. Толькі напярэдадні Першай сусветнай вайны пераехала ў Вільню, дзе актыўна ўдзельнічала ў камітэце па дапамозе ўцекачам. З 1913 па 1915 гады рэдагавала газету «Жамойцкае жыццё» (Lietuvos žinias). У 1916 годзе паехала ў ЗША для збору грошай на дапамогу пацярпелым у вайне. Вярнулася ў Літву і ў 1921 годзе памерла ад пнеўманіі ў Мар’ямпалі[4].
Псеўданім Жамайце ўзнік дзякуючы мовазнаўцу Ёнасу Яблонскісу. У 1894 годзе пад уплывам пісьменніка Повіласа Вышынскіса Юлія Жыманцене напісала першае апавяданне «Сватанне», якое даслалі Ё. Яблонскісу і Г. Пяткявічайце-Біце. Яны надрукавалі яго пад іншай назвай — «Восеньскі вечар» (літ.: Rudens vakaras) у Літоўскім календары 1895 года. Па прапанове Ё. Яблонскіса рэдакцыя падпісала твор імем Жамайце (то бок жамойтка, жмудзінка), бо апавяданне было напісана на жамойцкай гаворцы[5]. Так мянушка стала псеўданімам пісьменніцы.
Пакінула больш за 350 твораў (аповесці, апавяданні, нарысы, п’есы і артыкулы)[6]. належала да рэалістычнай літаратурнай плыні. Крытыкавала апалячаных літоўцаў, рэлігійнікаў, царскую ўладу і Думу, за што ў 1915 годзе на два тыдні трапіла ў турму Лукішкі. Шмат пісала ў падтрымку жаночай эмансіпацыі. Шмат увагі надавала апісанню жыцця жанчыны. У творах пераважаюць негатыўныя жыццёвыя апісанні, апавяданні эпічныя, іранічныя[7].
Па-беларуску некалькі апавяданняў («За зачыненымі аканіцамі» і «Верны пёс») пісьменніцы ў перакладзе У. Гарбацкага публікаваліся ў 2021 годзе ў «Новым Часе»[8].