Жупан (адзенне)

Жупан — старажытнае верхняе мужчынскае і жаночае адзенне ў многіх славянскіх народаў, у тым ліку і ў беларусаў. Быў абавязковым прадметам адзення ў так званым Кунтушовым комплексе[1].

Жупан з’явіўся прыкладна ў XVI стагоддзі[1]. У ХVІ — ХVІІІ стст. належаў да асноўнай часткі адзення для шляхты, мяшчан. Паступова жупан страціў сваё значэнне як верхняга адзення і насіўся толькі пад кунтушом[1].

Жупан шылі пераважна з белага або шэрага сукна, часамі і з жоўтага, блакітнага, або з больш лёгкіх, вышэйшага гатунку тканін, напрыклад, з аксаміту[1]. Знізу яго падбівалі футрам як верхні кафтан[1]. Крой двухбортны з вузкімі рукавамі[1] і стаячым каўняром, спінка прыталеная, з бакоў устаўляліся кліны. З другой паловы XVII стагоддзя стаячыя каўняры замянілі вузкія планкі або звычайная абшыўка гарлавіны тыпу каймы[1]. Пярэднія гладкія полкі зашпільвалі гузікамі, колькасць якіх часам даходзіла да двух і болей тузінаў[1], маглі і падпярэзвацца поясам.

Паверсе жупана насілі кунтуш.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Лазука, Б. А. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII. Малы лексікон / Б. А. Лазука. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170 с. ISBN 978-985-01-1080-0. С. 14.