Жыватворны агонь (грэч. Ἅγιο Φῶς — Святое Святло) — агонь, які выносіцца з Труны Гасподняй на асобым богаслужэнні, якое праводзіцца штогод у Вялікую суботу, напярэдадні праваслаўнага Вялікадня ў храме Уваскрэсення Хрыстова ў Іерусаліме. Вынас велікоднага агню сімвалізуе выхад з Труны «Святла Сапраўднага», гэта значыць уваскрэслага Ісуса Хрыста.
Першыя пісьмовыя паведамленні сведак пра цудоўнае з’яўленне «Святога Святла» ў Труне Гасподняй датуюцца IX стагоддзем.
У наш час цырымонію праводзяць святары Іерусалімскай праваслаўнай царквы, Іерусалімскага патрыярхата Армянскай апостальскай царквы, а таксама Копцкай і Сірыйскай цэркваў[1].
Служба транслюецца ў прамым эфіры ў Арменіі, Балгарыі, Грузіі, Грэцыі, Расіі, Украіне, а таксама на Кіпры, у Ліване, Егіпце і іншых краінах. Акрамя таго, Жыватворны агонь адмысловымі авіярэйсамі штогод дастаўляюць у Балгарыю, Беларусь, Грузію, Грэцыю[2], Малдову, Польшчу[3], Расію[4]Сербію, Украіну, дзе яго з урачстасцю сустракаюць дзяржаўныя і царкоўныя лідары.
У Беларусі Жыватворны агонь перадаецца ў капліцы, манастыры, цэрквы, дзіцячыя дамы, школы, бальніцы, на свечкі прыхаджанам, запальваецца ля помнікаў[5].
Служба Вялікай суботы ў храме Труны Гасподняй сімвалічна паказвае Мукі Хрыстовы, Пахаванне і Уваскрэсенне Ісуса Хрыста. Сам вынас Святога Святла сімвалізуе выхад з Труны Святла Сапраўднага, гэта значыць уваскрэслага Ісуса Хрыста. У дачыненні да Агню, які выносіцца з Труны, самі ўдзельнікі цырымоніі — грэчаскія і армянскія святары — выкарыстоўваюць не слова «Агонь», а «Святло» (грэч. Φως, арм.: Լույս).
Іерусалімскі Патрыярх праходзіць храм Святога апостала Якава і накіроўваецца праз паўднёвыя дзверы ў алтар храма Уваскрэсення. Армянскае, копцкае і сірыйскае праваслаўнае духавенства, якое ўвайшло пасля Іерусалімскага Патрыярха, накіроўваецца да яго і прамаўляюць зварот. Пасля гэтага пачынаецца хросны ход, які тры разы абыходзіць Кувуклію, мармуровую капліцу над пячорай Труны Гасподняй, дзе і быў, паводле падання, пахаваны Ісус Хрыстос.
Пасля заканчэння хроснага ходу Іерусалімскі Патрыярх распранаецца і заходзіць у Кувуклію ў суправаджэнні армянскага архімандрыта. Грэчаскі Патрыярх моліцца на Труне Гасподняй[6]. Усё заціхае, людзі моляцца, чакаючы сыходжання Агню.
Праз некаторы час, праведзены ў напружаным чаканні і малітве, унутры Кувукліі з’яўляецца святло, у храме раздаецца звон. З акенцаў Кувукліі з’яўляюцца падпаленыя пучкі свечак, якія падаюцца грэчаскім Патрыярхам і армянскім архімандрытам. Ад іх свечак Агонь запальваюць бегуны, пасля чаго Агонь хутка распаўсюджваецца па храме.
Святары, якія стаяць каля ўваходу ў Кувуклію, і простыя паломнікі, якія стаяць уздоўж шляху, па якім будзе ісці Патрыярх, не запальваюць свае свечкі да часу яго выхаду. Пасля таго, як Патрыярх з’яўляецца і бласлаўляе ўсіх святлом ад сваіх свечак, ад іх запальваюць свае свечкі грэчаскія святары. Затым Патрыярх пачынае хутка ісці наперад, таму што з усіх бакоў да яго наступаюць людзі, якія жадаюць атрымаць Агонь ад яго свечак. Ахова імкнецца стрымліваць ціск[7][8].