Забойства ў Махмудзіі

Забойства ў Эль-Махмудзіяваеннае злачынства, здзейсненае пяццю амерыканскімі салдатамі 12 сакавіка 2006 года ў паселішчы ля горада Эль-Махмудзія (Ірак). Судом былі прызнаны адказнымі сяржант Пол Е. Картэз, спецыяліст Джэймс П. Баркер, радавыя першага класа Джэсі В. Спілман, Браян Л. Ховард і Стывен Д. Грын. Падчас інцыдэнту яны згвалтавалі і забілі непаўналетняю жыхарку Абір Касім Хамза аль-Джанабі. Акрамя, ахвярамі сталі яе бацькі Касім Хамза Рахім і Фахрыя Таха Мухсін, а таксама сястра дзяўчыны Хадыле Касім Хамза.

14-гадовая Абір Касім Хамза аль-Джанабі разам са сваёй сям’ёй жыла на аддаленай ферме, дом знаходзіўся за 200 метраў ад амерыканскага ваеннага кантрольна-прапускнога пункта. Па сведчанні суседзяў і брата дзяўчынкі, салдаты раней пад рознымі падставамі некалькі разоў уваходзілі на ферму, робячы Абір непрыстойныя намёкі. Як казаў сусед сям’і, дзяўчынка перастала хадзіць у школу і праводзіла час дома, такім чынам салдаты часта бачылі Абір і звярнулі на яе ўвагу[1]. 13-гадовы брат Абір, які ў момант злачынства быў у школе, распавёў, што аднойчы адзін з вайскоўцаў правёў пальцам па шчацэ сястры, чым вельмі яе спалохаў[2]. Перад забойствам маці прапаноўвала, каб Абір начавала ў доме дзядзькі, аднак бацька адхіліў асцярогі, сказаўшы, што праблем не будзе, бо іх дачка занадта маленькая дзяўчынка.

12 сакавіка 2006 года пяцёра вайскоўцаў 1-га батальёна 502-га пяхотнага палка 101-й паветрана-дэсантнай дывізіі (некаторыя ў стане ап’янення), пераапрануўшыся ў грамадзянскую форму, праніклі ў дом сямейства.

Адзін з салдат (Грын) адвёў бацьку, маці і сястру дзяўчынкі ў іншы пакой, дзе расстраляў іх. Былі забіты бацька Касім Хамза Рахім (45 гадоў), маці Фахрыя Таха Мухсін (34 года) і сястра дзяўчыны Хадыле Касім Хамза (5 гадоў). Сама Абір была згвалтавана (пазней двое салдат пад прысягай прызналі, што некалькі разоў па чарзе гвалтавалі яе)[3]. Затым з іншага пакоя вярнуўся Стывен Грын, ён таксама згвалціў Абір, зачыніў ёй твар падушкай і застрэліў яе[4]. Яе цела падпалілі, агонь перакінуўся на пакой, пасля чаго суседзі, заўважыўшы дым, паведамілі пра гэта дзядзьку Абір. Як успаміналі суседзі, яны выбілі дзверы і выявілі цела Абір[5].

Грын затым выхваляўся сваімі дзеяннямі і казаў, што гэта было «крута»[4].

У іракскім патрыярхальным грамадстве згвалтаванне з’яўляецца вялікай ганьбай для сям’і. Мясцовы племенны лідар сказаў, што за згвалтаванне злачынец павінен заплаціць жыццём, паводле яго слоў, яны не прызнаюць амерыканскі суд: «іракцы трывалі шмат злачынстваў ад амерыканцаў і маўчалі, але яны не будуць трываць згвалтаванне»[5].

Расследаванне

[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова амерыканскае следства спрабавала сцвярджаць, што ахвяры было не менш за 20 гадоў[6], аднак пазней быў усталяваны яе сапраўдны ўзрост. Злачынства выклікала пратэсты ў жыхароў акупаванага Ірака[7].

30 чэрвеня 2006 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства быў арыштаваны радавы першага класа Стывен Д. Грын. 4 верасня 2009 года Федэральны суд штата Кентукі прызнаў Грына вінаватым у саўдзеле ў злачыннай змове, згвалтаванні і здзяйсненні чатырох забойстваў першай ступені, і прысудзіў яго да пажыццёвага пазбаўлення волі без права на датэрміновае вызваленне. Грын спрабаваў дамагчыся змякчэння прысуду, але ўсе яго апеляцыі былі пакінуты без задавальнення, апошняя адхілена ў жніўні 2011 года. 15 лютага 2014 года Грын павесіўся ў сваёй турэмнай камеры ў горадзе Тусан, штат Арызона, ЗША[8].

10 ліпеня 2006 года арыштаваны сяржант Пол Е. Картэз, спецыяліст Джэймс П. Баркер, радавыя першага класа Джэсі В. Спілман, Браян Л. Ховард, і сяржант Энтані І. Ерыбе.

15 лістапада 2006 года 23-гадовы спецыяліст Джэймс П. Баркер быў прызнаны вінаватым у саўдзеле ў злачыннай змове, згвалтаванні, забойстве чатырох чалавек і прысуджаны да 90 гадоў пазбаўлення волі з правам на датэрміновае вызваленне праз 20 гадоў. Ён адбывае пакаранне ў «United States Disciplinary Barracks», штат Канзас[9].

22 студзеня 2007 года сяржант Пол Е. Картэз быў прызнаны вінаватым у саўдзеле ў злачыннай змове, згвалтаванні, забойстве чатырох чалавек і прысуджаны да 100 гадоў пазбаўлення волі без права на датэрміновае вызваленне. Ён адбывае пакаранне там жа[9].

3 жніўня 2007 года радавы першага класа Джэсі В. Спілман быў прызнаны вінаватым у саўдзеле ў злачыннай змове, згвалтаванні, забойстве чатырох чалавек, ужыванні алкаголю і наркотыкаў у перыяд нясення службы і прысуджаны да 110 гадоў пазбаўлення волі з правам на датэрміновае вызваленне праз 10 гадоў[9].

22 сакавіка 2007 года радавы першага класа Браян Л. Ховард быў прызнаны вінаватым у саўдзеле ў змове з мэтай згвалтавання і забойства, а таксама ва ўкрывальніцтве злачынцаў і неданосніцтве. Следства выявіла, што Ховард не ўдзельнічаў непасрэдна ў згвалтаванні і забойстве, яго задача складалася толькі ў тым, каб сачыць за становішчам каля месца здзяйснення злачынства. Акрамя таго, яго прызналі вінаватым у дачы ілжывых паказанняў на этапе расследавання з мэтай утойвання факту злачынства і ўкрывальніцтва злачынцаў. Падсудны цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зробленым. Улічваючы гэта, суд прысудзіў яго да 2 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі, па адбыцці якіх ён быў «з ганьбай выключаны са складу Узброеных Сіл ЗША» і пажыццёва пазбаўлены права нясення службы ў любых органах аховы правапарадку[10][11].

30 ліпеня 2007 года сяржант Энтані Ерыбе, які непасрэдна не прымаў удзел у злачынстве, але незадоўга да гэтага распіваў разам з будучымі злачынцамі спіртное, быў прызнаны вінаватым у невыкананні службовых абавязкаў, парушэнні вайсковай дысцыпліны падчас нясення службы, неданясенні аб парушэнні вайсковай дысцыпліны, неданясенні аб здзяйсненні злачынства, дачы ілжывых паказанняў сведак на этапе расследавання з мэтай утойвання факту злачынства і ўкрывальніцтва злачынцаў. Улічваючы, што той цалкам прызнаў віну і, раскаяўшыся, пагадзіўся на дачу паказанняў супраць сваіх былых таварышаў па службе, ён быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці, але паніжаны ў званні да радавога першага класа, «з ганьбай выключаны са складу Узброеных Сіл ЗША», і пажыццёва пазбаўлены права нясення службы ў любых органах аховы правапарадку[12].

Сваякі забітых спадзяваліся, што ўсе злачынцы будуць прысуджаны да смяротнага пакарання.

Па сцвярджэнні іракскіх паўстанцаў з «Савета шуры муджахідаў» (які стаяў ля вытокаў стварэння Ісламскай дзяржавы), забойства двух палонных амерыканскіх вайскоўцаў у чэрвені таго ж года было здзейснена імі ў якасці помсты за згвалтаванне Абір. Ваенныя былі захоплены падчас нападу на кантрольна-прапускны пункт у Юсуфіі 16 чэрвеня, іх целы са слядамі катаванняў былі выяўленыя праз некалькі дзён. Праз некаторы час у Інтэрнэце з’явіўся відэазапіс, на якой паказваліся целы забітых (адзін з байцоў быў абезгалоўлены) і была зроблена заява, што забойства здзейснена ў адказ на згвалтаванне[13]. Як высветлілася, загінулыя служылі ў тым жа ўзводзе, што і абвінавачаныя. Зрэшты, факт забойства ў якасці помсты быў пастаўлены пад сумнеў; як паведаміў мэр Эль-Махмудзіі, дачыненне амерыканскіх вайскоўцаў да згвалтавання стала вядома ўжо пасля выкрадання і забойства салдат[14].

У лістападзе 2007 года ў 15 амерыканскіх кінатэатрах адбыўся абмежаваны паказ фільма «Без цэнзуры» (англ.: Redacted) рэжысёра Браяна дэ Пальмы, сюжэт якога заснаваны на злачынстве амерыканскіх салдат. Кангрэсмен-рэспубліканец Дункан Хантэр (англ.: Duncan Hunter) накіраваў ліст пратэсту ў амерыканскую асацыяцыю кінакампаній, сцвярджаючы, што фільм «прадстаўляе амерыканскіх салдат у Іраку як злачынцаў, ігнаруючы праявы іх гераізму»[15].

  1. Two dead soldiers, eight more to go, vow avengers of Iraqi girl’s rape // The Telegraph, 10 Jul 2006
  2. A Soldier’s Shame Архівавана 23 жніўня 2013. // Time, 9 Jul 2006
  3. Третий американский солдат сел в тюрьму за изнасилование иракской девочки // Лента.ру, 22 марта 2007
  4. а б Ex-U.S. soldier found guilty in Iraqi rape, deaths(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2016. Праверана 6 кастрычніка 2020.
  5. а б We have been silent about many crimes but we will not stand rape
  6. Пяти американским солдатам предъявлены обвинения по делу об изнасиловании и убийстве иракской девушки // NEWSru, 9 июля 2006
  7. Рядовой Стивен Грин: «Я убил их. Все мертвы» Архівавана 25 мая 2009. // Известия, 9 августа 2006
  8. Lenta.ru: В США повесился осужденный за военные преступления солдат
  9. а б в Soldier, 23, sentenced to 90 years for rape-murder in Iraq // USA Today
  10. Humanitarian // Thomson Reuters Foundation
  11. The Courier-Journal
  12. Soldier to Plead Guilty in Iraq Rape and Killings // The New York Times
  13. Иракские террористы показали трупы похищенных американских солдат Архівавана 12 снежня 2010. // ПОЛИТ.РУ, 11 июля 2006
  14. Edward Wong. Insurgent Group Posts Video of 2 Mutilated U.S. Soldiers // New York Times, 11 июля 2006
  15. War film’s portrayal of soldiers draws fire from GOP lawmaker(недаступная спасылка) // Washington Times, 22 ноября 2007