Зборная Аўстраліі па рэгбі

Зборная Аўстраліі па рэгбі (англ.: Australia national rugby union team), «Уалабіс» (англ.: Wallabies — «валабіс») — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Аўстралію ў міжнародных матчах і спаборніцтвах па рэгбі-15 вышэйшага ўзроўню. Каманда з’яўляецца двухразовым чэмпіёнам свету (1991, 1999) і двойчы віцэ-чэмпіёнам 2003 года і 2015 года. «Уалабіс» прымалі ўдзел ва ўсіх сямі розыгрышах сусветнага першынства. Зборная бярэ ўдзел у штогадовым спаборніцтве Чэмпіянат рэгбі, дзе спаборнічае з камандамі Аргенціны, Новай Зеландыі і ПАР. Турнір праводзіцца з 1996 года, і Аўстралія тройчы станавілася яго пераможцам (2000, 2001 і 2011). У рамках Чэмпіянату рэгбі зборная разыгрывае кубак Бледыслоу з новазеландцамі і трафей Мандэла Чэлендж са зборнай ПАР. Цяпер у валоданні каманды знаходзіцца толькі прыз Мандэлы. Аўстралія займае трэцюю пазіцыю ў рэйтынгу зборных каманд Міжнароднага савета рэгбі, саступаючы Новай Зеландыі і ПАР.

Камандай кіруе Рэгбі Аўстралія (да 2017 года называўся Аўстралійскім рэгбійным саюзам), створаны ў 1949 годзе. З лістапада 2019 года пасаду галоўнага трэнера займае Дэйв Рэні, які стаў другім галоўным трэнерам з Новай Зеландыі пасля Робі Дынса. Функцыі капітана да канца Кубка Свету 2019 выконваў Майкл Хупер. Абсалютным лідарам каманды па колькасці праведзеных тэставых гульняў з’яўляецца Джордж Грэган — на яго рахунку 139 матчаў. Лепшым бамбардзірам аўстралійцаў па колькасці ачкоў стаў Майкл Лайнаф (911), у той час як лепшым аўтарам спроб з’яўляецца Дэвід Кампізі (64)[4]. Больш за тузін гульцоў зборнай — Нік Шыхэйдзі (2011), Марк Эла (2013), Нік Фар-Джонс (2011), Дэвід Кампізі (2013), Кен Кетчпоул (2013), Майкл Лайнаф (2014), Цім Хоран (2015), Джон Ілс (2007), Джордж Грэган (2013), Томас Лоўтан Страшы (2013), Джон Торнет (2013), Том Рычардс (2015), Дэніэл Кэрал (2016) і Стывен Ларкам (2018), а таксама галоўныя трэнеры Боб Дваер (201)), Род Маквін (2011) і рэферы Роджэр Вандэрфілд (2011) сталі рэзідэнтамі Міжнароднай рэгбійнай залы славы. Акрамя таго, Ілс, Фар-Джонс, а таксама сэр Нікалас Шыэйдзі ўвайшлі ў склад Залы славы Міжнароднага савета рэгбі.