Зборная ПАР па рэгбі-7

Зборная ПАР па рэгбі-7 (англ.: South African national rugby sevens team) — нацыянальная зборная, якая прадстаўляе ПАР у спаборніцтвах па рэгбі-7 (Сусветная серыя, чэмпіянаты свету, Алімпійскія гульні і Гульні Садружнасці). Тройчы абсалютны чэмпіён Сусветнай серыі па рэгбі-7 (сезоны 2008/2009, 2016/2017 і 2017/2018).

Зборная ПАР па рэгбі-7 дэбютавала на міжнароднай арэне пасля зняцця забароны, выкліканай апартэідам. У 1993 годзе каманда дэбютавала на штогадовым турніры ў Ганконгу, выступіўшы там у трох розыгрышах, і на дэбютным чэмпіянаце свету ў шатландскім Мелроузе. У 1996 годзе каманда выступіла на турнірах ва Уругваі (Пунта-дэль-Эстэ) і Дубаі.

У 1997 годзе зборная ПАР дайшла да фіналу чэмпіянату свету, прайграўшы фіджыйцам. У 1998 годзе каманда згуляла на турнірах у аргенцінскім Мар-дэль-Плата, уругвайскім Пунта-дэль-Эстэ і чылійскім Вінья-дэль-Мар. У 1999 годзе ПАР выступіла на турнірах у Мар-дэль-Плата, Сант’яга, Фіджы, Ганконгу, Японіі і Парыжы. У 1999 годзе ўпершыню адбылася Сусветная серыя па рэгбі-7, а ПАР з сезона 1999/2000 выступае ва ўсіх турнірах гэтай серыі.

Мянушку зборнай ПАР «Бліцбокі» (англ.: Blitzboks) утворана ад слова «бліц» (афр.: blitz — «маланка») і слова «бок» (афр.: Bok), скарачэння ад імя антылопы «спрынгбок», якая з’яўляецца сімвалам Рэгбійнага саюза ПАР і адначасова мянушкай асноўнай зборнай па рэгбі-15.