Зборная Фіджы па рэгбі (англ.: Fiji national rugby union team) — каманда, якая прадстаўляе Фіджы ў міжнародных матчах і турнірах па рэгбі-15. Адносіцца World Rugby да зборных хай-перфоманс, гэта значыць наймацнейшых каманд свету. Хатнія матчы праводзіць на «Нацыянальным стадыёне АНЗ», здольным змясціць каля 15 тысяч гледачоў.
Зборная Фіджы рэгулярна ўдзельнічае ў самым прэстыжным міжнародным рэгбійным турніры — чэмпіянаце свету. Каманда не здолела кваліфікавацца толькі на розыгрыш 1995 года. Першых сваіх поспехаў фіджыйцы дабіліся ў 1987 годзе, калі здолела прайсці ў чвэрцьфінал спаборніцтва. Праз 20 гадоў зборная паўтарыла сваё дасягненне — каманда абгуляла валійцаў з лікам 38:34 і зноў заваявала месца ў плэй-оф. Такім чынам, зборная Фіджы прабілася ў васьмёрку наймацнейшых зборных свету. Тады ж фіджыйцы саступілі будучым чэмпіёнам, ПАР, з лікам 37:20. Кожны год каманда разам з самаанцамі і танганцамі змагаецца за Кубак ціхаакіянскіх нацый; зборная Фіджы атрымлівала перамогу ў турніры тройчы ў 2013, 2015 і 2016 гадах.
Фіджы з’яўляецца адной з нямногіх дзяржаў, дзе рэгбі-15 лічыцца нацыянальным відам спорту. У краіне налічваецца больш за 120 тысяч зарэгістраваных гульцоў пры агульнай колькасці насельніцтва ў 950 тысяч. Каманда традыцыйна гуляе ў чорна-белай форме, а яе афіцыйная мянушка — «Лятучыя фіджыйцы». З 1939 года перад кожным матчам гульцы выконваюць баявы танец зімбі.
У артыкуле не пастаўлены тэматычныя катэгорыі. |