Земгалы

Земгалы, зямгалы (аг.-усх.-слав.: земигола, зимигола, лат. zemgaļi, літ. žiemgaliai, žemgaliai) — усходнябалцкае племя, якое жыло ў парэччы Ліелупе (цяпер сярэдняя частка Латвіі), блізкае мовай да латгалаў. Рака Ліелупе (з латышскай «Вялікая рака») у лацінскіх крыніцах называецца «зямгальскай ракой» (flumen Semigalliae).

Упершыню згаданы пад 870 годам у дацкай хроніцы «Annales Ryenses». Зямгалаў як «Seimgaler» пад ХІ ст. згадвае скандынаўская «Інгварава сага». Рунічны надпіс ХІ стагоддзя на камені ў паўднёвай Швецыі згадвае краіну «Sœimgala».

Паводле крыніц ХІІІ стагоддзя, краіна зямгалаў падзялялася на сем зямель, па-лацінску яны называліся Sillene, Sagera, Dobene, Sparnene, Thervetene, Dubelene, Upemolle, усе яны лакалізаваны на тэрыторыі Латвіі (найперш) і Літвы.

Вядомы зямгальскія правадыры Вестард (Westhardus, цяперашняя латышская форма Viesturs) і Намейша (Nameise)[1].

22 верасня 1236 года зямгальска-жамойцкае войска на чале з жамойцкім князем Вікінтам у бітве пры Саўле перамагло войска Ордэна мечаносцаў.

Асобная зямгальская мова, як лічаць, знікла ўжо да другой паловы XV стагоддзя[2].

Назва зямгалаў утвораная так жа сама, як і назва латгалаў, — бяссуфіксным чынам ад назвы зямлі, краю. Латгалы — ад Латгалія "Край народу латаў, латышоў", Зямгалія — "Паўночны край". У абедзвюх гэтых складанаўтвораных назвах другі складнік — ад літоўскага galas, латышскага gals "канец, край (> краіна, зямля)". На тэрыторыі Літвы з такім жа другім складнікам утвораныя назвы тыпу Майшагала, Арогала, але гэта ўжо адыменныя назвы (ад імёнаў тыпу Maišуs, Arys).

Першы складнік зямгальскай назвы звязаны з літоўскім žiemiai, латышскім ziemeļi «поўнач» (ад žiema, ziema «зіма»). Гэта пацвярджаюць формы «Seim-galer» і «Sœim-gala», а таксама «зимигола» старарускіх летапісаў. Таго ж паходжання назва мястэчка Жэймяліс (літ. Žeimеlis, Žeimys, адна з даўнейшых формаў Zemele) на тэрыторыі літоўскай часткі «Зямгаліі»[3].

Назва «Паўночны край», згодна з Ул. Тапаровым, можа сведчыць на карысць колішняга перасялення з тэрыторыі цяперашняй Літвы. Зямгалы, рухаючыся на поўнач, першымі мелі дайсці да латвійскага ўчастка Дзвіны і, магчыма, перасягнулі яе, зайшоўшы і на поўнач ад гэтай ракі[4]. К. Буга адзначаў перагук некалькіх тапонімаў каля Вільні (Spera, Kena) з назвамі ў зямгальскім краі (Speras, Cena), іх на поўнач мелі прынесці разам з сабой зямгалы[5].

Адзіная «зямгальская» назва на тэрыторыі цяперашняй Беларусі — назва былога хутара «Змігола» (польск. Żmigoła, рус. Змигола, ад *Зимгола) каля Шаркаўшчыны. Іншы падобны тапонім, Селігоры на Полаччыне, выводзяць ад назвы іншага балцкага племя селаў (ад Sēli-galā)[6]. «Латгальскіх» назваў на тэрыторыі цяперашняй Беларусі больш чым багата (Латыгаль і пад.)

  1. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 251—267.
  2. Топоров В. Н. Балтийские языки. Москва, 2006. С. 30.
  3. Aleksandras Vanagas. Lietuvos miestų vardai. Vilnius, 2004. С. 275—278.
  4. Топоров В. Н. Балтийские языки. Москва, 2006. С. 30-31.
  5. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 267.
  6. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 539.