Знайсці і знішчыць (англ.: Search and destroy або англ.: Seek and destroy) — наступальная стратэгія, распрацаваная ў сярэдзіне 1960-х гадоў у пачатку В’етнамскай вайны галоўнакамандуючым амерыканскімі сіламі Уільямам Уэстморлендам.
Сутнасць стратэгіі заключалася ў тым, што атрад амерыканскай арміі павінен быў, накіраваўшыся ў кантраляваны праціўнікам раён, выявіць месцазнаходжанне буйных варожых сіл. Пасля першага агнявога кантакту перакідваліся дадатковыя падраздзяленні, блакавалі магчымыя шляхі адступлення праціўніка, у той час як выяўленыя сілы знішчаліся з ужываннем авіяцыі і артылерыі. У многіх выпадках падраздзяленне, якое ажыццяўляла першапачатковы пошук (звычайна ўзвод або рота), выяўляла праціўніка толькі патрапіўшы ў яго засаду і нясучы страты. Яшчэ часцей агнявога кантакту не адбывалася, паколькі варожых сіл проста не аказваўся ў раёне пошуку.
Стратэгія была прынята амерыканскім камандаваннем летам 1965 года. Яе прымяненне было абумоўлена спецыфікай прыродных умоў В’етнама (джунглі і горы), якія абцяжарвалі выяўленне буйных падраздзяленняў НФВПВ і паўночнав’етнамскай арміі, а таксама недахопам людскіх рэсурсаў: як адзначаў міністр абароны ЗША Роберт Макнамара, з прыкладна 500 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў у Паўднёвым В’етнаме (на канец 1967 года) толькі 70 тыс. маглі быць адначасова задзейнічаны ў наступальных аперацыях[1]; астатнія знаходзіліся ў дапаможных падраздзяленнях або былі задзейнічаны на ахове аб’ектаў.
Тыповымі прыкладамі выкарыстання стратэгіі «знайсці і знішчыць» з’яўляюцца бітвы ў даліне Я-Дранг (1965) і за вышыню «Гамбургер» (1969).