Зорныя войны. Эпізод V: Імперыя наносіць удар у адказ

Зорныя войны. Эпізод V: Імперыя наносіць удар у адказM:
Star Wars. Episode V: The Empire Strikes Back
Постар фільма
Жанр фантастычны фільм
прыгодніцкі фільм
Рэжысёр Ірвін Кершнер
Прадзюсар Джордж Лукас
Сцэнарыст Лі Брэкет (сцэнарый)
Лоўрэнс Кэздан (сцэнарый)
Джордж Лукас (сюжэт)
У галоўных
ролях
Марк Хэміл
Харысан Форд
Кэры Фішэр
Білі Дзі Уільямс
Дэвід Проўз
Кенет Колі
Джуліян Гловер
Майкл Шырд
Фрэнк Оз
Аператар Пітэр Сушыцкі
Кампазітар Джон Уільямс
Кінакампанія Lucasfilm
Працягласць 124 мін
Бюджэт 18 млн дол.
Зборы 538 375 067 дол.
Краіна  ЗША
Мова Англійская
Год 1980
Папярэдні фільм Эпізод IV:
Новая надзея
(1977)
Наступны фільм Эпізод VI:
Вяртанне джэдая
 (1983)
IMDb ID 0080684
Афіцыйны сайт (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Зорныя войны. Эпізод V: Імперыя наносіць удар у адказ» (англ.: Star Wars Episode V: The Empire Strikes Back) — эпічны навукова-фантастычны фільм Джорджа Лукаса. Гэта другі па ліку фільм арыгінальнай трылогіі «Зорных войнаў», але храналагічна пяты фільм кінасагі. Прэм’ера фільма адбылася 21 мая 1980 года. Падзеі ў фільме разгортваюцца пасля знішчэння Зоркі Смерці. Імперскія войскі працягваюць пераслед паўстанцаў. Пасля паражэння паўстанцаў на ледзяной планеце Хот Люк Скайуокер падарожнічае на планету Дагоба, каб знайсці і працягнуць навучанне ў вялікага майстра-джэдая Ёды, які жыве ў падполлі пасля падзення Рэспублікі. Спрабуючы перацягнуць Люка Скайуокера на цёмны бок Сілы, Дарт Вейдэр заманьвае яго сяброў і яго самога ў пастку на планету Беспін, у Воблачны горад. Пад час жорсткай бойкі паміж Люкам і Дартам Вейдэрам на светлавых мячах малады Скайуокер даведваецца, што злы Вейдэр насамрэч яго бацька, Энакін Скайуокер.[1]

Здымкі фільму

[правіць | правіць зыходнік]
  • Эпізоды на планеце Хот здымалі на ледавіку ў Нарвегіі.
  • Дыялог Леі і Сола ў канцы пятай часткі: «Я цябе кахаю! — Я ведаю» нарадзіўся нечакана на самой здымачнай пляцоўцы. Адказ «Я ведаю» быў прыдуманы самім Харысанам Фордам, бо варыянт, які быў прапанаваны ў сцэнарыі (кшталту «Я таксама цябе кахаю»), гучаў вельмі банальна.
  • Самы цікавы момант пятага фільма, дзе Дарт Вейдэр кажа Люку, што ён яго бацька, захоўваўся ў таямніцы амаль да самага пачатку здымак гэтай сцэны. Дзеля гэтага ў сцэнарый былі дададзены хлуслівыя старонкі, каб акцёры самі не ведалі, што насамрэч будзе казаць Дарт Вейдэр. Калі ішлі здымкі сцэны, Дэвід Проўз сказаў словы: «Обі-Ван забіў твайго бацьку», а Хэмілу сказалі, каб выраз яго твару ў момант прамаўлення гэтых слоў быў такі, нібыта яму Дарт Вейдэр кажа: «Люк, я твой бацька». Потым сапраўдныя словы былі дададзены пры агучцы эпізоду.

Падзеі ў фільме адбываюцца праз 3 гады пасля бітвы за Явін. Паўстанцы працягваюць адступаць, нягледзячы на знішчэнне Зоркі Смерці. Альянс хавае адну са сваіх ваенных баз на далёкай ледзяной планеце Хот. Але флот імперыі знаходзіць іх і там. Камандаванне флотам бярэ на сябе сам Дарт Вейдэр. Паўстанцы даведваюцца пра планы імперыі ад Хана Сола, які пад час агляду тэрыторыі базы разам з Чубакам знішчае імперскага дроіда-шпіёна. Люк Скайуокер у пачатку фільма трапляе ў бяду: на яго нападае мясцовая драпежная жывёла. Люк прымяняе трэці раз у жыцці Сілу і светлавы меч свайго бацькі. Ён забівае жывёлу, але на паверхню планеты апускаецца ноч і тэмпература падае. Люк пачынае замярзаць, ён падае ў снег і бачыць дух Обі-Вана, той кажа яму, каб ён ляцеў на далёкую планету Дагоба, каб працягнуць навучанне ў магістра джэдаяў Ёды.

Войскі імперыі пачынаюць атаку на планету. Малады джэдай разам з R2-D2 бяжыць на Дагоба. Тым часам Хан Сола, Чубака, Лея і C-3PO на Сокале Тысячагоддзя пакідаюць планету. Але імперскія караблі пашкоджваюць рухавік Сокала, і той хаваецца ў астэроідным полі, бо не здольны збегчы ад пагоні. Люк пасля наўдалай пасадкі на Дагоба сустракае там Ёду. Спачатку ён думае, што сустрэў мясцовага жыхара планеты, пацешную істоту, але не вялікага Джэдая.

Ёда пачынае вучыць Люка. Пад час навучання малады джэдай бачыць будучыню, ён бачыць, што яго сябры трапляюць у палон да Дарт Вейдэра. Ёда тлумачыць Люку, што яму лепей скончыць навучанне, інакш ён рызыкуе прайграць Вейдэру і імператару. Аднак Люк ляціць на дапамогу сваім сябрам, але пры гэтым абяцае Ёдзе вярнуцца і скончыць навучанне.

Хан накіроўвае свой карабель у бок планеты Беспін, да свайго сябра Лэнда Калрысіяна. Ён хоча там адрамантаваць свой карабель. Але на планету прылятае яго вораг Боба Фет і Дарт Вейдэр разам з войскам. Хан разам з Леяй і Чубакам трапляюць у палон. Дарт Вейдэру патрэбен Люк, ён бярэ сяброў Люка ў закладнікі. Скайуокер прылятае на планету і трапляе ў пастку, падрыхтаваную для яго Вейдэрам. Хана Сола замарожваюць у крыягене. Перад гэтым ён паспявае прызнацца Леі ў каханні. Сола аддаюць Боба Фету. Даведаўшыся, што замарозка Сола прайшла добра і Хан жывы, Вейдэр прымае рашэнне замарозіць Люка. Але Скайуокер аказвае жорсткае супраціўленне. Пачынаецца бойка на светлавых мячах. Лэнда, зразумеўшы, што Вейдэру нельга давяраць, аб’яўляе эвакуацыю ўсяго горада і сам бяжыць разам з Леяй і Чубакам на карабель Хана. Люк пад час бойкі з Вейдэрам губляе сваю правую руку і чуе словы, якія перавернуць усё яго жыццё. Дарт Вейдэр кажа Люку, што ён яго бацька. У душы маладога джэдая пачынаецца канфлікт, унутраная барацьба. Ён не жадае далучацца да цёмнага боку і кідаецца ўніз шахты. Яго выкідвае праз шлюз для смецця на знешні бок гарадской платформы. З дапамогай Сілы ён звяртаецца да Леі. Лея не джэдай, але яна таксама адчувае Сілу і чуе заклік Люка. Яна прымушае Лэнда вярнуцца за Люкам, і яны ўсе разам збягаюць з планеты, дзякуючы маленькаму дроіду R2-D2, які адрамантаваў рухавік Сокала. Імперыя наносіць магутны ўдар па паўстанцам, але не перамагае іх. Люк вырашае вярнуцца на Дагоба, але перад гэтым збіраецца выратаваць свайго сябра Хана.