Казімір Семяновіч | |
---|---|
![]() | |
Род дзейнасці | ваенны інжынер, фізік, інжынер |
Дата нараджэння | каля 1600[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1651(?) |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
![]() |
Казімір Семяновіч (каля 1600 — каля 1651) — ваенны кароннага войска Рэчы Паспалітай, збройнік, ваенны інжынер, артылерыст; адзін з пачынальнікаў ракетнай справы ў Еўропе.
Аўтар кнігі «Вялікае майстэрства артылерыі» (1650).
Пра жыццё і паходжанне Семяновіча вядома вельмі мала. Паводле літоўскай гістарыяграфіі Семяновіч нарадзіўся каля Расейнаў на Жамойці[2][3] у незаможнай шляхецкай сям’і герба «Астоя»[4], на думку літоўскіх даследчыкаў, таму ён і называў сябе «літоўскім» шляхцічам[2]. Таксама паводле літоўскіх даследчыкаў Семяновіч вучыўся ў Віленскай акадэміі.
Польскія гісторыкі падкрэсліваюць яго належнасць да паланізаванай шляхты[4].
Паводле версіі беларускіх гісторыкаў[5][6][7][8], Семяновіч нарадзіўся каля Дуброўны ў Віцебскім ваяводстве, у родзе незаможных князёў Семяновічаў[9], невялікія ўладанні якіх вядомы ў гэтай частцы Падняпроўя ў XIV—XVII стст. Некаторыя ўзоры лексікі самога Семяновіча могуць пацвярджаць такую думку[10]. Аднак, названы гэтымі даследчыкамі «князь Дзмітр Семяновіч» пад «1393 годам», на праўдзе Дзмітрый Сякіра з роду князёў Друцкіх, уладальнік «двара Быхаў» і «зямлі пустой Дубровенскай», якую нельга атоесніць з Дуброўнай.
Адзначаецца, што з крыніц не вядомы рады Семяновічаў, якія б мелі права на герб «Астоя», і, магчыма, Семяновіч проста купіў права надрукаваць герб у кнізе, каб спрыяць яе папулярнасці. Сам ён пісаў пра сваё месца ў шляхецкай іерархіі даволі невыразна, магчыма, менавіта з гэтай прычыны[11].
Беларуская гістарыяграфія XX ст. інтэрпрэтуе сярэднявечна-рэнесанснае азначэнне «літвін» як палітонім, а не этнонім, і таму мяркуецца, што Семяновіч, пішучы пра сябе «літвін» меў на ўвазе сваё грамадзянства Вялікага Княства Літоўскага, а не літоўскую нацыянальнасць[12].
Аспрэчваецца і тоеснасць Казіміра Семяновіча з магістрам філасофіі і вольных мастацтваў такога самага прозвішча, які запісаны ў актах Віленскай акадэміі 1650 года[11].
Удзельнік Смаленскай вайны (1632—1634), у тым ліку аблогі Белай.[4] Магчыма, удзельнічаў у бітве пад Ахматавам (1644)[13]. Загадам караля Уладзіслава Вазы пасланы ў Нідэрланды, на службу ў войска герцага Фрыдрыха-Генрыха Аранскага, удзельнічаў у іспанска-галандскай вайне, у тым ліку аблозе Гюйста (1645)[4]. Вярнуўся ў Рэч Паспалітую (1646), калі Уладзіслаў Ваза збіраў з усёй Еўропы артылерыйскіх спецыялістаў для вялікай вайны з туркамі[4], служыў інжынерам у кароннай артылерыі[14], з 1648 — намеснік начальніка. Па парадзе караля Яна Казіміра вярнуўся ў Нідэрланды (каля 1649), каб надрукаваць сваю працу[14], хаця ёсць і думка, што Семяновіч быў вымушаны выехаць з прычыны канфлікту са сваім начальнікам, Крыштафам Арцішэўскім[13].
Кніга «Artis Magnae Artilleriae pars prima» («Вялікае майстэрства артылерыі, першая частка», таксама вядомая як «Поўнае майстэрства артылерыі») была ўпершыню надрукаваная па-лацінску ў Амстэрдаме (1650), яшчэ да смерці Семяновіча. Пазней перакладзеная на французскую (1651), нямецкую (1676), англійскую і галандскую (1729), польскую (1963) мовы.[14]
Кніга больш за два стагоддзі была ў Еўропе падручнікам па артылерыі. Былі прадстаўленыя стандартныя канструкцыі ракет, запальных снарадаў і іншых піратэхнічных прыстасаванняў. Тут у першы раз была разгледжаная ідэя выкарыстання рэактыўнага руху ў артылерыі. Вялікі раздзел прысвечаны калібрам, канструкцыі, будове і якасцям ракет (як ваенных так і грамадзянскіх), у т.л., шматступенных ракет, ракетных батарэй і ракет з стабілізатарамі.
Як пісаў сам Семяновіч, ён цікавіўся артылерыяй з дзяцінства, і вывучаў матэматыку, механіку, гідраўліку, архітэктуру, оптыку, тактыку, каб павялічыць свае веды; мяркуецца, што ён паспеў скончыць і рукапіс другой часткі[15]. Існуе версія, што ўдзельнікі цэхаў металургіі, піратэхнікі і збройніцтва арганізавалі яго забойства і выкралі або знішчылі другую частку рукапісу, каб не даць распаўсюджваць свае цэхавыя сакрэты[15].
У 1995 годзе «Белпошта» выпусціла адмысловую марку, прысвечаную Казіміру Семяновічу.
У 2012—2013 гадах Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры спрыянні спонсараў выкупіла і вярнула ў Беларусь усе першыя выданні трактата «Вялікае мастацтва артылерыі» на лацінскай (1650), французскай (1651), нямецкай (1676) і англійскай (1729) мовах.
У 2017 годзе ў рамках тэлевізійнага праекту «100 імёнаў Беларусі» быў створаны дакументальны «Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі»[16].
21 лістапада 2018 года ў Вільнюсе адкрылі скульптуру ў выглядзе ракеты, прысвечаную яе вынаходніку Казіміру Семяновічу (скульптар Владас Урбанавічус). Скульптура пастаўлена па дарозе ў аэрапорт, у раёне Наўйінінкай (Новы Свет), каля прыватнага ўніверсітэта імя Казіміра Семяновіча[17].
У жніўні 2021 года ў Мінску каля Акадэміі навук усталяваны помнік Казіміру Семяновічу[18].