Ружовы какаду, таксама гала (Eolophus roseicapilla, сін. Eolophus roseicapillus, Kakatoe roseicapillus) — птушка сямейства какаду. Адзіны від роду. Распаўсюджаны ва ўнутраных рэгіёнах Аўстраліі. Жывуць у саваннах і іншых адкрытых месцах. Трымаюцца стаямі. Гнёзды будуюць у дуплах эўкаліптаў. Кормяцца насеннем, лісцем і карэньчыкамі раслін, насякомымі.
Агульная даўжыня — 35-36 см, маса самца — каля 345 г, маса самкі — каля 311 г. Непадобны да іншых відаў. У афарбоўцы апярэння — кантраст паміж яркімі галавой і брухам з аднаго боку, і цёмнымі спіной, крыламі і хвастом з другога. Галава — светла-ружовая (вышэй за ўзровень вачэй), ружавата-чырвоная (ніжэй). У аналагічны ружавата-чырвоны колер афарбаваны горла, грудзі і пуза. Спіна — попельна-шэрая, паясніца бялёса-шэрая, махавыя пёры бурыя, рулявыя цёмна-бурыя. Падхвосце белае. На галаве — невялікі чубок. Дзюба светла-шэрая або колеры слановай косці, неапераныя ўчасткі скуры вакол вачэй блакітнаватыя або ружовыя, ногі цёмна-шэрыя. Радужка цёмна-карычневая ў самцоў і ружовая ў дарослых самак. У самцоў арбітальнае кольца шырэйшае і мае больш зморшчын; іншыя вонкавыя палавыя адрозненні адсутнічаюць. У маладых птушак абодвух полаў радужка карычневая.
Навукоўцы вылучаюць 3 падвіды, зменлівасць паміж якімі выяўляецца ў агульных памерах, колерах афарбоўкі апярэння галавы, і афарбоўцы арбітальнага кольца. У паўднёва-ўсходняга падвіда E. r. albiceps пёры верхняй частцы галавы і патыліцы белыя з ружовым адценнем у аснове, арбітальнае кольца ружовае. Заходні падвід E. r. roseicapilla вылучаецца блакітнаватай афарбоўкай кольца, паўночны падвід E. r. kuhli — меншымі памерамі.
Калі ласка, дапоўніце артыкул і прыбярыце гэта папярэджанне. Калі артыкул застанецца недапісаным, яго могуць прапанаваць да выдалення. Для ўказання на працяг працы над артыкулам карыстайцеся шаблонам {{subst:L}}.
У іншым моўным раздзеле ёсць паўнейшы артыкул Розовый какаду(руск.)
Вы можаце дапамагчы праекту, пашырыць цяперашні артыкул праз пераклад.