Калона Коналі | |
---|---|
Гады існавання | 1936—1938 |
Краіна | Другая Іспанская Рэспубліка |
Падпарадкаванне | Інтэрнацыянальныя брыгады |
Уваходзіць у | XV інтэрбрыгада імя Аўраама Лінкальна |
Тып | рота |
Колькасць | 145 чалавек[1] |
Дыслакацыя | Альбасетэ |
Заступнік | Джэймс Коналі |
Удзел у | Грамадзянская вайна ў Іспаніі |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Фрэнк Раян |
Калона Коналі (англ.: Connolly Column, ісп.: Columna Connolly, ірл.: Colún Uí Chonghaile) — падраздзяленне ірландскіх добраахвотнікаў, якое змагалася ў складзе інтэрнацыянальных брыгад на баку рэспубліканцаў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Калона названа ў гонар Джэймса Коналі, дзеяча Велікоднага паўстання і камандзіра Ірландскай грамадзянскай арміі. Па памеры была роўна роце, уваходзіла ў 15-ю інтэрбрыгаду, дзе служылі ірландскія, брытанскія і амерыканскія добраахвотнікі.
У ліпені 1936 года лідар ірландскіх рэспубліканцаў Пітэр О’Донэл адправіўся ў Барселону для падрыхтоўкі Народных Алімпійскіх гульняў, якія планавалася правесці ў знак пратэсту супраць летняй Алімпіяды ў Берліне. У сувязі з грамадзянскай вайной, якая раптам пачалася ў краіне, ён падтрымаў урад «Народнага фронту».
Па вяртанні ў Ірландыю О’Донэл заклікаў стварыць групу ірландскіх добраахвотніцкіх палкоў, якія падтрымалі б дзеючыя ўлады. Добраахвотнікамі сталі запісвацца салдаты Ірландскай рэспубліканскай арміі і Рэспубліканскага кангрэса: сярод кіраўнікоў ІРА было даволі шмат прыхільнікаў «левых», і падтрымка ірландцамі іспанскіх камуністаў і антыфашыстаў здавалася штодзённай справай.
Падставай для адпраўкі ў Іспанію былі не толькі падтрымка Другой Іспанскай Рэспублікі, але і нянавісць да ірландцаў, якія пайшлі ваяваць на бок франкістаў — пераважна да сінекашульнікаў. Многія прыхільнікі Франсіска Франка ваявалі на баку Ірландскай Свабоднай дзяржавы падчас грамадзянскай вайны ў Ірландыі. З іх была створана Ірландская брыгада колькасцю 800 чалавек. З гэтай прычыны многія лічылі Іспанію працягам асабістых «разборак» і нават самой ірландскай грамадзянскай вайны.
У снежні 1936 года 80 добраахвотнікаў на чале з былым афіцэрам ІРА Фрэнкам Раянам прыбылі ў Іспанію. Большасць байцоў — з Ірландскай Свабоднай дзяржавы (даволі шмат было членаў Камуністычнай партыі Ірландыі), астатнія — з Паўночнай Ірландыі (пераважна з Белфаста). Добраахвотнікі прыбылі на цягніку ў Перпіньян (Паўднёвая Францыя), затым накіраваліся ў Альбасетэ разам з Андрэ Марці. Шэраг ірландцаў адмовіліся запісвацца ў Брытанскі батальён інтэрбрыгад з-за сваіх палітычных перакананняў, а камандзір Раян паспрабаваў нават застрэліць аднаго англічаніна, калі выявіў, што той у перыяд вайны Ірландыі за незалежнасць служыў у шэрагах антыірландскай арганізацыі Black and Tans. Некаторыя байцы вырашылі не ўступаць у 15-ю інтэрбрыгаду, якой і была падпарадкавана калона Коналі, таму сышлі ў іншыя падраздзяленні.
У лютым 1937 года калона прыняла ўдзел у бітве пры Хараме, дзе панесла вялікія страты. У ліпені 1938 года ірландцы змагаліся ў апошнім наступленні рэспубліканцаў — бітве на Эбра. У верасні таго ж года ўрад Іспанскай Рэспублікі расфармаваў інтэрбрыгады, усвядоміўшы, што замежнікі ўжо нічым не змогуць дапамагчы. Ірландцы вымушаны былі пакінуць краіну. З іх жывымі на радзіму не вярнуліся ад 36[2] да 61[1] чалавек.