Кальдэ́зія відомцалістая[1] (Caldesia parnassifolia) — від водна-балотных кветкавых раслін роду Кальдэзія (Caldesia) сямейства Шальнікавыя (Alismataceae).
Водна-балотная травяністая расліна вышынёй да 100[1] см, з тонкім кароткім карэнішчам, на якім утвараюцца зімавальныя пупышкі (турыёны). Сцябло прамастойнае. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, на чаранках, круглаватай або яйцападобнай формы, з сэрцападобнай асновай, з 5—15 дугападобнымі жылкамі. У наземнай формы лісце дробнае, на кароткіх чаранках. У воднай формы — на доўгіх чаранках і плавае, падводнае — стужкападобнае. Кветкі двухполыя, дробныя, белага колеру, па адной, зрэдку па 2—3 на галінках кальчакова-гронкападобных ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак, складзены з 8—10 арэшкаў.
Рэліктавы від трацічнага перыяду. Сустракаецца на на тэрыторыі Еўропы, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўночнай Амерыкі, Аўстраліі, на Мадагаскары, у Японіі. Цяплолюбівая расліна. Расце на забалочаных участках і па берагах вадаёмаў, на балотах. Цвіце ў чэрвені—жніўні. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна.
Ахоўваецца на тэрыторыі Венгрыі, Германіі, Літвы, Польшчы, Украіны, шэрагу рэгіёнаў Расіі.
Зноскі