Каліпса (стар.-грэч.: Καλυψώ) — у старажытнагрэчаскай міфалогіі[1] німфа, якая жыла на востраве Агігія на Крайнім захадзе, куды патрапіў выратаваны Адысей адломкам карабля, разбітага маланкай Зеўса за вынішчэнне быкоў Геліяса.
Дачка Атланта[2] і (паводле Гігіна) Плеоны[3]. Паводле версіі, дачка Геліяса[4].
На Агігіі Каліпса жыла сярод прыгожых краявідаў, у гроце, увітым вінаграднымі лозамі. Яна — умелая ткачыха. Штодня з'яўлялася ля кроснаў у празрыстым срэбным адзенні.
Каліпса трымала ў сябе Адысея 7 гадоў, хаваючы ад астатняга свету (паводле версіі, год[5]). Марна жадала звязаць з ім сваё жыццё назаўжды, прапаноўваючы яму неўміручасць і вечную юнацкасць. Адысей не пераставаў тужыць па радзіме і жонцы. Нарэшце багі злітаваліся і паслалі да яе Гермеса з загадам адпусціць Адысея. Каліпса супраць волі вымушаная была яго вызваліць, папярэдне аказаўшы яму дапамогу ў будаўніцтве плыта, на якім ён і пусціўся ў наступнае плаванне.
Іх дзеці ў «Адысеі» не згаданыя. Паводле іншых аўтараў, яна нарадзіла ад Адысея сына Латына[6]; альбо нарадзіла ад Адысея Наўсіфоя і Наўсіноя[7]. Таксама нарадзіла ад Гермеса кефаленаў[8].
Паводле версіі Гігіна, скончыла жыццё самагубствам з-за кахання да Адысея[9].