Каменешарка (Arenaria interpres) — птушка сямейства бакасавых.
Даўжыня цела 21-25 см, размах крылаў 43-50 см. У шлюбным уборы шматкаляровая, іржава-чорна-белая, адносна нядоўгая, вострая дзюба і кароткія жоўта-аранжавыя ногі. У негнездавы час і маладыя цёмна-шэра-карычневыя з белым сподам цела і горлам. У палёце ў абодвух уборах вельмі характэрныя плямы зверху на спіне. Пры пошуках ежы пераварочвае каменчыкі (адсюль назва).
Арэал — паўночныя ўзбярэжжы Галарктыкі. Насяляе камяністыя марскія ўзбярэжжы, у некаторых раёнах сухую, камяністую тундру. Пад час пералётаў і на зімоўцы — галоўным чынам марскія ўзбярэжжы (таксама пясчаныя і з воднымі раслінамі).
Пералётная. Месца зімовак: Заходняя і Паўднёвая Еўропа, Паўднёва-Усходняя Азія (ад Індыі), паўночна-ўсходняе і заходняе ўзбярэжжы Афрыкі, Аўстралія, Новая Зеландыя, поўнач Паўночнай Амерыкі, Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка, астравы Атлантычнага і Ціхага акіянаў. На Беларусі вельмі рэдкі залётны пад час міграцый від.
Гняздо ладзіць на адкрытым месцы ў неглыбокай ямцы, без высцілкі або скупа высланай лішайнікамі з прымессю некалькіх травінак, лістоў і кавалкаў кары са сплаўляемых хваёвых дрэў.
Яйкі звычайна 4 (часам 3-5), авальныя або грушападобныя, светла-аліўкава-зялёныя альбо карычневыя з глыбокімі шэрымі плямамі і буравата-чорнымі паверхневымі.
- А. i. interpres — Паўночная Еўразія, Грэнландыя, таксама поўнач Аляскі і арктычнай Канады;
- A. i. morinella — Поўнач Аляскі, большая частка арктычнай Канады.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X