Камп’ютарнае або лічбавае захаванне даных — тэхналогія захавання даных у лічбавым фармаце кампанентамі камп’ютара.
На практыцы, амаль усе камп’ютары выкарыстоўваюць іерархію, у якой хуткія, але дарагія і малыя аб’ёмам прылады захавання даных размяшчаюцца бліжэй да працэсара, у той час як павольныя, але танныя і вялікія прылады размяшчаюцца далей. Звычайна хуткія тэхналогіі завуцца «памяццю», а павольныя — «сховішчам».
Фізічныя абмежаванні прылад захавання даных прыводзяць да таго, што прылады з меншым аб’ёмам памяці звычайна працуюць хутчэй за большыя прылады, але іх кошт за адзінку памяці вышэйшы. Для прыкладу, аб’ём цвёрдага дыска ў камп’ютары можа перавышаць аб’ём асноўнай памяці ў 1000 разоў, але доступ да гэтых даных можа займаць у 10 мільёнаў разоў болей часу. Даныя з яшчэ меншага памерам рэгістравага файла ў працэсары могуць быць прачытаныя працэсарам у 100 разоў хутчэй, чым даныя з памяці[заўв 1][1].
Для аптымізацыі кіравання данымі і выканання праграм, прылады захавання аб’ядноўваюцца ў шматузроўневую іерархію. Пры аптымальным выкарыстанні, невялікія аб’ёмы даных, неабходныя кароткатэрмінова для выканання праграм змяшчаюцца на вышэйшых узроўнях іерархіі, бліжэй да працэсара. Прыклады найвышэйшых узроўняў — рэгістры і кэш працэсара. Даныя для доўгатэрміновага захоўвання змяшчаюцца на ніжэйшых узроўнях, такіх як цвёрды дыск або аддаленае сховішча (напрыклад, воблачнае). Асноўная памяць знаходзіцца на прамежкавым узроўні паміж дыскам і працэсарам і змяшчае большы аб’ём даных для выканання праграм, чым здольны змясціць кэш працэсара[1].