Кангалезскі крызіс

Кангалезскі крызіс (1960—1965) — востры палітычны крызіс, які ахапіў Конга-Леапольдвіль пасля здабыцця незалежнасці 30 чэрвеня 1960 года да прыходу да ўлады Жазефа Мабуту. У выніку сутыкненняў загінула больш за 100 тыс. чалавек.

З першых жа дзён існавання новай дзяржавы абвастрыліся супярэчнасці паміж кансерватыўным прэзідэнтам Касавубу і леванацыяналістам прэм’ер-міністрам Лумумба, на якія наклаліся цэнтрабежныя імкненні рэгіёнаў: ужо праз некалькі дзён пасля дэкларацыі незалежнасці абвясціў аб праве на самавызначэнне багаты, але аддалены ад цэнтра паўночна-заходні рэгіён Катанга на чале з Чомбэ. За Катангай рушыла ўслед Паўднёвае Касаі на чале з Каланджы. Прэм’ер Лумумба спрабаваў жорстка змагацца з сепаратыстамі, для гэтых мэтаў ён нават звярнуўся па дапамогу да СССР, за што атрымаў рэпутацыю «прасавецкага» лідара. Пасля абвастрэння канфлікту з прэзідэнтам, на бок якога нечакана ўстаў міністр абароны Мабуту, Лумумба паспрабаваў стварыць альтэрнатыўны ўрад у Стэнлівілі (дзе ён меў падтрымку), аднак быў захоплены па адной версіі кангалезскімі салдатамі, перапраўлены ў Элізабетвіль і забіты 17 студзеня 1961.

Новым прэм’ерам стаў лумумбіст Антуан Гізенга, якога неўзабаве змяніў Сірыл Адула, а затым у ліпені 1964 гэты пост быў прапанаваны лідару сепаратыстаў Чомбэ. Для навядзення парадку Чомбэ актыўна запрашаў бельгійскіх наймітаў, за што атрымаў рэпутацыю «імперыяліста». На ўсходзе краіны пачалося паўстанне Сімба, падтрыманае СССР. Для барацьбы з паўстанцамі бельгійскія ўлады сумесна з ЗША правялі аперацыю «Чырвоны цмок». Крызіс завяршыўся ваенным пераваротам, здзейсненым Мабуту.