Канстытуцыя ЗША | |
![]() Першая старонка арыгінальнага тэксту Канстытуцыі
| |
Ратыфікаваны | 21 чэрвеня 1788 |
Аўтар | Дэлегаты Філадэльфійскага канвента |
Завяральнікі | 39 з 55 дэлегатаў Філадэльфійскага канвента |
Мэта стварэння | Нацыянальная канстытуцыя для замены Артыкулаў Канфедэрацыі |
Канстытуцыя ЗША (англ.: United States Constitution) — асноўны закон ЗША, які мае вышэйшую юрыдычную сілу. Канстытуцыя ЗША была прынятая 17 верасня 1787 г. на Канстытуцыйным Канвенце ў Філадэльфіі і пасля ратыфікаваная ўсімі трынаццаццю існавалымі тады амерыканскімі штатамі. Лічыцца першай у свеце канстытуцыяй у сучасным разуменні. Складаецца з сямі артыкулаў, за час дзеяння Канстытуцыі былі прынятыя дваццаць сем паправак, якія з’яўляюцца яе неад’емнай часткай.
Прыняцце Канстытуцыі ЗША — гэта вынік барацьбы за незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы. Цалкам тэкст асноўнага закона дзяржавы, адобранага Кангрэсам Канфедэрацыі, быў гатовы да 17 верасня 1787 г. Мэтай Канстытуцыі стала юрыдычнае афармленне новай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі.
У аснове Канстытуцыі ЗША ляжыць прынцып раздзялення ўлад паміж заканадаўчай (кангрэс), выканаўчай (прэзідэнт) і судовай (вярхоўны суд і ніжэйстаячыя суды) галінамі. Тры ўлады не толькі раздзелены, але і кантралююць адна адну праз т.зв. сістэму «стрымак і процівагаў». Штатам ЗША даюцца шырокія правы ў галіне заканадаўства.
Канстытуцыя ЗША — параўнальна кароткі дакумент. У ім змяшчаецца прыблізна 7 тыс. слоў. Структурна Канстытуцыя цяпер уключае прэамбулу, сем артыкулаў і дваццаць сем паправак. Дакумент адносіцца да ліку «жорсткіх», паколькі змяняецца ў больш складаным парадку, чым звычайныя законы: за час дзеяння нарматыўнага прававога акта былі прынятыя і ўступілі ў сілу толькі 27 паправак.
Першыя дзесяць з іх неафіцыйна называюцца Білем аб правах, які замацаваў найважнейшыя правы і свабоды чалавека, што практычна адсутнічалі ў першапачатковым тэксце Канстытуцыі. Наступныя папраўкі тычыліся пытанняў выбарчага права, расавага і нацыянальнага раўнапраўя грамадзян, пераемнасці ўлады ў выпадку датэрміновага спынення паўнамоцтваў прэзідэнта, асобных пытанняў правасуддзя і г.д.
У адрозненне ад канстытуцыйнай практыкі большасці іншых краін, папраўкі, прынятыя да Канстытуцыі ЗША, не ўключаюцца непасрэдна ў яе тэкст, а публікуюцца дадаткова да яго.
Cкладаная працэдура ўнясення паправак абумовіла таксама адсутнасць у ёй многіх інстытутаў, якія сталі ў цяперашні час традыцыйнымі ў агульнасусветнай практыцы канстытуцыяналізму, такіх як кампетэнцыя Вярхоўнага суда пры ажыццяўленні канстытуцыйнага кантролю, асновы прававога статусу палітычных партый, сацыяльныя правы грамадзян і інш. У сілу гэтага канстытуцыйныя прабелы папаўняюцца актамі Кангрэса і прэзідэнта, канстытуцыйнымі звычаямі, традыцыямі, судовымі прэцэдэнтамі.
Канстытуцыя ЗША — гэта палітыка-прававы акт, які значна паўплываў на канстытуцыі многіх краін свету і паклаў пачатак сучаснаму разуменню канстытуцыі як у матэрыяльным, так і ў фармальным сэнсе.
![]() |
Канстытуцыя ЗША на Вікісховішчы |
---|