Кантабры́йскія горы (ісп.: Cordillera Cantábrica) — горы на поўначы Іспаніі, цягнуцца ўздоўж паўднёвага ўзбярэжжа Біскайскага заліва.
Даўжыня 500 км. Вышыня да 2613 м. Паўночныя схілы стромкія, расчлянёныя далінамі рэк і цяснінамі, паўднёвыя — пакатыя. Найбольш высокая заходняя частка (каля 2000 м) складзена з палеазойскіх кварцытаў, мармуру, вапнякоў; усходняя частка (Баскскія горы) больш нізкая (1000—1500 м), складзена з мезазойскіх вапнякоў і інш. Вельмі пашыраны карст. Радовішчы жалезных і поліметалічных руд, каменнага вугалю.
Клімат вільготны. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Густая сетка рэк. На паўночных схілах лясы з дубу, буку, каштану, хвоі, на паўднёвых — ксерафітавыя хмызнякі і альпійскія лугі.
Нацыянальны парк Кавадонга, рэзерват Саха.