Кантата

Кантата (італ.: cantata, ад лац.: саntare — песня) — буйны вакальна-інструментальны шматчасткавы твор урачыстага ці лірыка-эпічнага характару, асобныя часткі якога аб’яднаны агульнай тэмай, сюжэтам. Звычайны склад выканаўцаў кантаты — спевакі-салісты, хор, аркестр. Выканальніцкім складам, структурай, адсутнасцю сцэнічнага дзеяння кантата набліжаецца да араторыі, але адрозніваецца ад яе менш развітым сюжэтам, больш сціплымі памерамі. Па жанравых прыкметах да кантаты набліжаюцца некаторыя творы, вызначаныя аўтарамі як паэма, балада і інш.

Узнікла ў пачатку 17 стагоддзя ў Італіі, да 2-й паловы 18 стагоддзя развівалася ў свецкай і духоўнай формах (І. С. Бах). Пазней зацвердзілася як канцэртны жанр (у творчасці П. Чайкоўскага, С. Танеева, С. Рахманінава, С. Пракоф’ева, Ю. Шапорына, Г. Свірыдава, К. Орфа і інш.).

У беларускай музыцы

[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай музыцы жанр кантаты інтэнсіўна развіваўся ў разнастайных паводле формы і зместу рэчышчах.

З 1920-х гадоў ва ўсёй гісторыі жанру прасочваецца традыцыя ўвасаблення грамадска значных тэм («Дзесяць год» М. Аладава, «Песня волі» і «Босыя на вогнішчы» Т. Шнітмана). Героіка-патрыятычныя вобразы знайшлі глыбокае ўвасабленне ў кантатах «Беларускім партызанам» і «Ленінградцы» А. Багатырова, «Памяці Канстанціна Заслонава» Ю. Семянякі, «Памяці герояў» Р. Суруса.

Гісторыя роднага краю, жыццё народа вызначылі вобразны змест кантат «Па шляху барацьбы і перамог» М. Аладава, «За праўду ўстанем» Я. Глебава, «Палі стэпавыя» І. Кузняцова, «Курган» І. Лучанка, «А хто там ідзе?» Р. Пукста, «Забыты Богам край» С. Бельцюкова.

Кантаты для дзяцей стварылі У. Алоўнікаў, П. Падкавыраў, С. Картэс, Р. Сурус, Л. Шлег, В. Войцік, Н. Усцінава і інш.

Нацыянальныя рысы найбольш яскрава выяўлены ў кантатах, непасрэдна звязаных з народнай песеннасцю («Беларускія песні» А. Багатырова, «Казацкія песні» В. Войціка, «Вянок» Л. Захлеўнага, «Беларускі край» А. Мдывані, «Наш край» Ф. Пыталева, «Трава-мурава» Л. Шлег, «Сваток» Р. Суруса, «Лірычная кантата» Г. Гарэлавай, «Вясковыя святы» В. Кузняцова, «Песні Белай Русі» А. Хадоскі).

Паглыбленым псіхалагізмам вобразнага ладу вылучаюцца кантаты «У год сусветнага пажару» і «Тысяча гадоў надзеі» Г. Гарэлавай, «Начны матылёк» С. Бельцюкова, «Гукавыя прасторы» і «Euphonia» В. Кузняцова.